ЯРЭМІЯ33bel_jfc

1І было слова ГОСПАДА да Ярэміі другі раз, калі ён быў яшчэ ўвязьнены на панадворку вартоўні, кажучы:2«Гэта кажа ГОСПАД, Які ўчыніў [зямлю], ГОСПАД, Які ўкшталтаваў і ўмацаваў яе, ГОСПАД — імя Ягонае.3Пакліч Мяне, і Я адкажу табе, і абвяшчу табе вялікае і недасяжнае, чаго ты ня ведаеш.4Бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, пра дамы гораду гэтага, пра дамы валадароў Юды, якія руйнуюцца на ўмацаваньні і ад мяча,5якія ідуць на змаганьне з Халдэйцамі, і якія напоўняцца трупамі людзей, якіх Я заб’ю ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй, і Я схаваў аблічча Маё ад гораду гэтага за ўсе ліхоты ягоныя.6Вось, Я загаю ім рану, і вылячу, і аздараўлю іх, і выяўлю ім шчодрасьць супакою і праўды.7І Я вярну палонных Юды і палонных Ізраіля, і адбудую іх як раней.8І Я ачышчу іх ад усіх беззаконьняў, якімі яны грашылі супраць Мяне, і прабачу ўсе беззаконьні іхнія, якімі яны грашылі супраць Мяне, і праз якія яны адыйшлі ад Мяне.9І станецца [Ерусалім] у Мяне імем радасьці і хвалы, і славы для ўсіх народаў зямлі, якія пачуюць пра ўсе дабарадзействы, што Я зрабіў яму. І будуць яны баяцца, і будуць трымцець дзеля ўсяго дабра і дзеля ўсяго супакою, якія Я зрабіў для яго.10Гэта кажа ГОСПАД. На гэтым месцы, пра якое вы кажаце: “Гэта руіны, без людзей і без жывёлы”, у гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, спустошаных, без людзей, без жыхароў, без жывёлы, зноў будзе чутны11голас вясёласьці і голас радасьці, голас жаніха і голас нявесты, голас тых, якія кажуць: “Хваліце ГОСПАДА Магуцьцяў, бо добры ГОСПАД, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!”, і якія складаюць ахвяры падзякі ў Доме ГОСПАДА, бо Я вярну як [было] раней долю зямлі гэтай, кажа ГОСПАД.12Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. На месцы гэтым зруйнаваным, без людзей і без жывёлы, і ў-ва ўсіх гарадах ягоных будзе зноў прыстанішча для пастухоў, якія прыгналі авечак на адпачынак.13У гарадах горных, у гарадах лагчынных, у гарадах Нэгеву, у зямлі Бэн’яміна, у ваколіцах Ерусаліму і ў гарадах Юды зноў будуць праходзіць авечкі праз рукі таго, хто [іх] лічыць, кажа ГОСПАД.14Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я споўню добрае слова, якое Я прамовіў дому Ізраіля і дому Юды.15У тыя дні і ў той час Я вырашчу Давіду Парастак праведны, і будзе Ён чыніць суд і праведнасьць на зямлі.16У тыя дні Юда будзе збаўлены, і Ерусалім будзе жыць у бясьпецы. І вось імя, якім будуць клікаць яго: “ГОСПАД — праведнасьць нашая”.17Бо гэта кажа ГОСПАД. Не застанецца Давід бяз мужа, які сядзіць на пасадзе дому Ізраіля.18І сьвятары лявіты не застануцца бяз мужа перад абліччам Маім, які будзе складаць цэласпаленьні, паліць ахвяры хлебныя і прыносіць ахвяры ў-ва ўсе дні».19І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:20«Гэта кажа ГОСПАД. Калі можаце парушыць запавет Мой [адносна] дня і запавет Мой [адносна] ночы, каб не было ані дня, ані ночы ў часе іхнім,21тады можа быць парушаны запавет Мой з Давідам, слугою Маім, каб ня меў ён сына, які будзе валадарыць на паса­дзе ягоным, і з лявітамі сьвятарамі, слугамі Маімі.22Як незьлічоныя войскі нябесныя і як нязьмерны пясок марскі, так Я памножу насеньне Давіда, слугі Майго, і лявітаў, слугаў Маіх».23І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:24«Ці не заўважыў ты, што народ гэты кажа: “ГОСПАД адкінуў абедзьве сям’і, якія выбраў!” І яны пагарджаюць народам Маім, як быццам ён ужо не народ перад абліччам іхнім.25Гэта кажа ГОСПАД. Калі няма запавету Майго адносна дня і адносна ночы, калі Я не паставіў статуты для неба і зямлі,26тады Я адкіну насеньне Якуба і Давіда, слугі Майго, і не вазьму з насеньня ягонага тых, хто пануе над насеньнем Абрагама, Ісаака і Якуба, бо Я, перамяняючы, перамяню долю іхнюю і пашкадую іх».