ЯРЭМІЯ32bel_jfc

1Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі ў дзясятым годзе Сэдэкіі, валадара Юды, значыцца, у васямнаццатым годзе Навухаданосара.2Тады войска валадара Бабілонскага трымала ў аблозе Ерусалім, а Ярэмія прарок быў увязьнены на панадворку вартоўні ў доме валадара Юды.3Увязьніў яго там Сэдэкія, валадар Юды, кажучы: «Навошта ты прарочыш, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я аддам горад гэты ў рукі валадара Бабілонскага, і ён здабудзе яго.4А Сэдэкія, валадар Юды, не ўцячэ з рук Халдэйцаў, але выдаваньнем будзе выдадзены ў рукі валадара Бабілонскага, і будзе прамаўляць вуснамі сваімі ў вусны ягоныя, і вачыма сваімі ўбачыць вочы ягоныя.5І ён павядзе Сэдэкію ў Бабілон, і ён будзе там, пакуль Я не наведаю яго, кажа ГОСПАД, бо калі вы будзеце ваяваць з Халдэйцамі, не пашчасьціць вам”».6І сказаў Ярэмія: «Было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:7“Вось, Ханамээль, сын Шальлюма, дзядзькі твайго, ідзе да цябе, кажучы: "Купі сабе поле маё, якое ў Анатоце, бо ты маеш права выкупу, каб набыць [яго] "”.8І прыйшоў да мяне Ханамээль, сын дзядзькі майго, паводле слова ГОСПАДА на панадворак вартоўні, і сказаў мне: “Купі, прашу, поле маё, якое ў Анатоце ў зямлі Бэн’яміна, бо ты маеш права спадчыны і выкупу. Купі [яго] сабе!” І я зразумеў, што гэта [было] слова ГОСПАДА.9І я купіў поле ад Ханамээля, сына дзядзькі майго, поле, якое ў Анатоце, і адважыў яму срэбра, сямнаццаць сыкляў срэбра,10і напісаў дамову, і запячатаў, і ўзяў сьведкаў, і адважыў срэбра на вагах.11І потым я ўзяў дамову куплі, запячатаную паводле прыказаньня і пастановаў, і [дамову] адкрытую.12І даў я дамову куплі Баруху, сыну Нэрыя, сына Махсэя, на вачах Ханамээля, [сына] дзядзькі майго, і на вачах сьведкаў, напісаных у дамове куплі, і на вачах усіх [людзей] Юды, якія былі на панадворку вартоўні.13І я загадаў Баруху на вачах іхніх, кажучы:14“Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вазьмі лісты гэтыя, дамову куплі запячатаную і дамову адкрытую, і зьмясьці [іх] у пасудзіну гліняную, каб захаваліся на шмат дзён.15Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: "Будуць яшчэ купляць дамы, палі і вінаграднікі ў зямлі гэтай"”.16І маліўся я да ГОСПАДА пасьля таго, як аддаў дамову куплі Баруху, сыну Нэрыя, кажучы:17“О, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, вось, Ты ўчыніў неба і зямлю вялікай сілаю Тваёю і рамяном Тваім узьнятым. Не складаная для Цябе ніякая рэч.18Ты зьяўляеш міласэрнасьць для тысячаў [пакаленьняў], але адплачваеш за беззаконьні бацькоў ва ўлоньне сыноў іхніх пасьля іх. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Тваё.19Ты вялікі ў радзе і магутны ў справах. Вочы Твае адкрытыя на ўсе шляхі сыноў чалавечых, каб даць кожнаму паводле шляхоў ягоных і паводле пладоў учынкаў ягоных.20Ты чыніў знакі і цуды ў зямлі Эгіпецкай, і аж да дня гэтага ў Ізраілі і сярод людзей, і Ты зрабіў Сабе імя, [якое маеш] сёньня.21І Ты вывеў народ Твой, Ізраіль, з зямлі Эгіпецкай знакамі і цудамі, і рукою магутнаю, і рамяном узьнятым сярод трывогі вялікай.22І Ты даў ім зямлю гэтую, якую запрысяг даць бацькам іхнім, зямлю, якая ацякае ў мёд і малако.23І яны прыйшлі, і ўзялі яе на ўласнасьць, але ня слухалі голасу Твайго, і не хадзілі паводле Закону Твайго, і не рабілі ўсяго таго, што Ты загадаў ім. І Ты навёў на іх усё ліха гэтае.24Вось, валы падыходзяць да гораду, каб здабыць яго, і горад будзе аддадзены ў рукі Халдэйцаў, якія ваююць супраць яго, на пажыву мяча, голаду і заразы. Тое, што Ты прамовіў, зьдяйсьняецца, і, вось, Ты бачыш [гэта]!25А Ты, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, сказаў мне: "Купі сабе поле за срэбра і пакліч сьведкаў", а горад будзе аддадзены ў рукі Халдэйцаў!”»26І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:27«Вось, Я — ГОСПАД, Бог кожнага цела. Ці можа быць для Мяне нечаканай нейкая справа?28Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: “Вось, Я аддам горад гэты ў рукі Халдэйцаў і ў руку Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ён здабудзе яго.29І ўвойдуць у яго Халдэйцы, якія ваююць супраць гораду гэтага, і падкладуць агонь пад горад гэты, і спаляць яго, і дамы, у якіх складалі ахвяры Баалу на дахах іхніх і вылівалі ахвяры вадкія іншым багам, каб гнявіць Мяне.30Бо ад маладосьці сваёй сыны Ізраіля і сыны Юды рабілі толькі ліхоту на вачах Маіх, бо сыны Ізраіля толькі гнявілі Мяне ўчынкамі рук сваіх, кажа ГОСПАД.31Бо прычынай гневу Майго і абурэньня Майго стаўся для Мяне горад гэты ад дня, калі пабудавалі яго, аж да дня сёньняшняга. Я адкіну яго ад аблічча Майго,32за ўсе злачынствы сыноў Ізраіля і сыноў Юды, якія яны рабілі, каб гнявіць Мяне, яны, валадары іхнія, князі іхнія, сьвятары іхнія і прарокі іхнія, і мужы Юды, і жыхары Ерусаліму.33І яны павярнуліся да Мяне патыліцаю, а не абліччам, і, хоць Я навучаў іх, устаючы ўначы і навучаючы, але яны не хацелі слухаць, каб прыняць настаўленьне.34І яны паставілі брыдоты свае ў Доме, над якім клікалі імя Маё, каб зьневажаць яго.35І яны пабудавалі ўзгоркі для Баала, якія ў даліне Бэн-Гіном, каб праводзіць праз агонь сыноў сваіх і дочак сваіх дзеля Малоха. Я не загадваў ім гэтага, і не прыходзіла на сэрца Маё, каб рабіць такую брыдоту і давесьці Юду да грэху”.36І цяпер гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, пра горад гэты, пра які вы кажаце, што ён будзе выдадзены ў рукі валадара Бабілонскага мячом, голадам і заразай:37“Вось, Я зьбяру іх з усіх земляў, у якія Я выгнаў іх у гневе Маім і ў абурэньні вялікім, і вярну іх на месца гэтае, і дам ім жыць бясьпечна.38І будуць яны для Мяне народам, а Я буду для іх Богам.39І дам ім адно сэрца і адзін шлях, каб баяліся Мяне ў-ва ўсе дні, каб добра было ім і сынам іхнім пасьля іх.40І Я заключу з імі запавет вечны, што не адвярнуся ад іх, каб рабіць дабро ім, і страх Мой укладу ў сэрца іхняе, каб яны не адступаліся ад Мяне.41І Я буду цешыцца з іх, калі буду рабіць дабро для іх, і пасялю іх у зямлі гэтай у праў­дзе, з усяго сэрца Майго і з усёй душы Маёй”.42Бо гэта кажа ГОСПАД: “Як спаслаў Я на народ гэты ўсякае ліха вялікае, так Я спашлю на народ гэты ўсё дабро, якое абяцаў ім.43І будуць набываць палі ў зямлі гэтай, пра якую вы кажаце: "Гэта пустэча, без чалавека і бяз быдла, і яна аддадзена ў рукі Халдэйцаў".44І будуць купляць палі за срэбра, і будуць пісаць дамовы, і запячатваць іх, і клікаць сьведкаў у зямлі Бэн’яміна, у ваколіцах Ерусаліму, у гарадах Юды, у гарадах горных, у гарадах лагчынных і ў гарадах Нэгеву, бо Я вярну палонных іхніх, кажа ГОСПАД”».