ЯРЭМІЯ31bel_jfc
1У гэты час, кажа ГОСПАД, Я буду Богам для ўсіх родаў Ізраіля, а яны будуць Маім народам”.2Гэта кажа ГОСПАД. Знайшоў ласку ў пустыні народ, які ўратаваўся ад мяча. Ізраіль пойдзе да месца супачынку свайго.3Здалёк зьявіўся мне ГОСПАД [і сказаў]: “Любоўю вечнаю Я палюбіў цябе, дзеля гэтага Я выяўлю міласэрнасьць табе.4Я зноў адбудую цябе, і будзеш ты адбудаваная, дзяўчына Ізраіля. Ты зноў аздобішся бубнамі тваімі і выйдзеш у карагодзе тых, якія радуюцца.5Ты зноў будзеш садзіць вінаграднікі на гарах Самарыі, і будуць садзіць іх земляробы твае, і будуць спажываць [плады].6Бо надыйдзе дзень, калі вартаўнікі закрычаць на гары Эфраіма: “Уставайце, узыйдзем на Сыён да ГОСПАДА, Бога нашага”.7Бо гэта кажа ГОСПАД: “Усклікайце для Якуба з радасьцю, весяліцеся перад галавою народаў! Абвяшчайце, хваліце і кажыце: "Збаў, ГОСПАДЗЕ, народ Твой, рэшту Ізраіля!"8Вось, Я прывяду іх з зямлі паўночнай і зьбяру іх з канцоў зямлі, між імі сьляпы і кульгавы, цяжарная і тая, што нараджае, разам, як царква вялікая, яны вяртаюцца сюды.9Яны выйшлі з плачам, Я прывяду іх з малітваю, Я павяду іх да струмянёў вады шляхам простым, ня будуць яны спатыкацца на ім, бо Я стаўся для Ізраіля бацькам, і Эфраім — першародны Мой.10Паслухайце слова ГОСПАДА, народы, і абвясьціце на астравах далёкіх, і кажыце: “Той, Які расьцярушыў Ізраіля, зьбярэ яго, і будзе пільнаваць яго, як пастух статак свой”.11Бо адкупіў ГОСПАД Якуба і вызваліў яго з рукі дужэйшага за яго.12І прыйдуць яны, і будуць весяліцца на вяршыні Сыёну, і прыгарнуцца да даброцьцяў ГОСПАДА, да збожжа, і віна, і алею, авечак і быдла; і станецца душа іхняя як сад напоены [вадой], і ня будуць больш жыць у нястачы.13Тады будзе радавацца дзяўчына ў танцы, і юнакі, і старыя разам [з ёю]. І Я перамяню жалобу іхнюю ў радасьць, і суцешу іх, і ўзьвесялю іх ад смутку іхняга.14І Я напоўню душу сьвятароў тлустасьцю, і народ Мой будзе насычаны даброцьцямі Маімі, кажа ГОСПАД”.15Гэта кажа ГОСПАД: “Чуецца голас у Раме, галашэньне і горкі плач. Рахель плача над сынамі сваімі і ня хоча быць суцешанай дзеля сыноў сваіх, бо іх няма”.16Гэта кажа ГОСПАД: “Стрымай голас твой ад плачу і вочы твае ад сьлёзаў, бо ёсьць нагарода за працу тваю, кажа ГОСПАД, і яны вернуцца з зямлі варожай.17І ёсьць надзея дзеля будучыні тваёй, кажа ГОСПАД, і вернуцца сыны твае ў межы свае”.18Чуючы, Я чуў Эфраіма, які скардзіцца: “Ты пакараў мяне, і я пакараны, як цяля ненавучанае. Навярні мяне, і я навярнуся, бо Ты — ГОСПАД, Бог мой!19Бо калі Ты навярнуў мяне, я каяўся, і калі я быў навучаны, я ўдарыў па сьцёгнах [сваіх], засаромеўся і зьбянтэжыўся, бо я нашу ганьбу маладосьці маёй”.20Ці ты, Эфраім, не дарагі сын для Мяне і ці не дзіцё любае? Бо колькі разоў прамаўляю супраць яго, заўжды, памятаючы, памятаю яго. Таму хвалюецца ўнутранасьць Мая дзеля яго, і, літуючыся, зьлітуюся над ім, кажа ГОСПАД.21Пастаў сабе ўказальнікі, парастаўляй сабе знакі на дарогах, зьвярні сэрца тваё на бітую дарогу, на шлях, па якім ты ішла, і вярніся, дзяўчына Ізраіля, вярніся ў гарады твае!22Дакуль будзеш бадзяцца, дачка бунтоўная? Бо ГОСПАД стварыў рэч новую на зямлі: жанчына збавіць мужа”.23Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Усьцяж будуць паўтараць слова гэтае ў зямлі Юды і ў гарадах ейных, калі Я перамяню долю іхнюю: "Няхай дабраславіць цябе ГОСПАД, жытло праведнасьці, гара сьвятая".24І будзе жыць у ёй Юда, і ў-ва ўсіх гарадах ейных, разам земляробы і тыя, што ходзяць за статкам.25Бо Я напаю душу спрагнёную, і кожную душу саслабелую насычу”».26На гэтым я прачнуўся і разгледзеўся, і сон мой быў прыемны для мяне.27«Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я засею дом Ізраіля і дом Юды насеньнем людзей і насеньнем быдла.28І станецца, як Я чуваў на імі, каб вырываць і раскідаць, руйнаваць і нішчыць, і рабіць зло, так буду чуваць на імі, каб адбудаваць і засадзіць, кажа ГОСПАД.29У тыя дні ня будуць яны больш казаць: "Бацькі елі горкія ягады, а зубы сыноў здрантвелі",30бо кожны памрэ за беззаконьне сваё, і кожнаму, хто будзе есьці горкія ягады, здрантвеюць зубы ягоныя.31Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет.32Не такі запавет, які Я заключыў з бацькамі іхнімі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпецкай. Той запавет Мой яны парушылі, хоць Я быў Гаспадаром іхнім, кажа ГОСПАД.33Бо вось запавет, які Я заключу з домам Ізраіля пасьля дзён тых, кажа ГОСПАД. Я разьмяшчу Закон Мой у нутры іхнім, і ў сэрцы іхнім напішу яго, і буду для іх Богам, а яны будуць для Мяне народам.34І ня будзе вучыць больш чалавек бліжняга свайго і кожны брата свайго, кажучы: “Пазнайце ГОСПАДА”, бо ўсе, ад найменшага з іх да найбольшага, будуць ведаць Мяне, кажа ГОСПАД, бо Я прабачу беззаконьні іхнія, і пра грахі іхнія ня буду больш узгадваць.35Гэта кажа ГОСПАД, Які дае сонцу сьвяціць днём, парадак месяцу і зоркам сьвяціць ноччу, Які хвалюе мора, і шумяць хвалі ягоныя, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.36Калі адыйдзе парадак гэты ад аблічча Майго, кажа ГОСПАД, тады насеньне Ізраіля перастане быць народам перад абліччам Маім на ўсе дні.37Гэта кажа ГОСПАД. Калі магчыма зьмераць неба ўгары і дасьледаваць падваліны зямлі ўнізе, тады Я адкіну ўсё насеньне Ізраіля за ўсё тое, што яны зрабілі, кажа ГОСПАД.38Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і будзе адбудаваны горад ГОСПАДА ад вежы Хананээль аж да Кутняй Брамы.39І будзе цягнуцца далей шнур меральны аж да ўзгорку Гарэб, і зьверне да Гааты.40І ўся даліна трупаў і попелу, усе палі аж да ручая Кедрон, да рагу Брамы Конскай на ўсход [будуць] сьвятыняй ГОСПАДА, і ня будуць яны больш зруйнаваныя і зьнішчаныя на вякі».