ЯРЭМІЯ17bel_jfc
1Грэх Юды запісаны разцом жалезным, вастрыём дыямантавым высечаны на табліцы сэрцаў іхніх і на рагах ахвярнікаў іхніх,2каб памяталі сыны іхнія пра ахвярнікі іхнія і пра астартаў іхніх каля дрэваў зялёных на ўзгорках высокіх, на гары ў полі.3Багацьце тваё, усе скарбы твае Я аддам на рабунак, [зьнішчу] ўзвышшы твае за ўсе грахі твае ў-ва ўсіх межах тваіх.4І ты згубіш спадчыну тваю, якую Я даў табе; і Я зраблю, што ты будзеш служыць у ворагаў тваіх, у зямлі, якой ня ведаеш, бо вы распалілі агонь гневу Майго, і ён будзе гарэць вечна».5Гэта кажа ГОСПАД: «Пракляты чалавек, які спадзяецца на чалавека і які цела робіць рамяном [сваім], а ад ГОСПАДА адварочваецца сэрца ягонае!6І ён будзе як хмызьняк у стэпе, і ня ўбачыць ён, калі прыходзіць добрае. Ён будзе жыць у месцы сухім у пустыні, на зямлі салёнай і бязьлюднай.7Дабраслаўлёны чалавек, які спадзяецца на ГОСПАДА, і ГОСПАД — надзея ягоная!8І ён як дрэва, якое пасаджана над вадою і да струмянёў пускае карані свае, і ня будзе бачыць яно, калі прыйдзе спякота, і лісьце ягонае будзе зялёным, і ў год засухі ня будзе журыцца, і не перастане даваць плады.9Сэрца [чалавека] больш здрадлівае, чым усё [астатняе], і невылечнае; хто спазнае яго?10Я, ГОСПАД, дасьледую сэрца і выпрабоўваю ныркі, каб аднагародзіць кожнаму паводле шляхоў ягоных і паводле пладоў учынкаў ягоных.11Курапатка выседжвае [яйкі], якіх ня зьнесла, і [такі самы] той, хто набывае багацьце няпраўдаю. У сярэдзіне дзён сваіх ён пакіне яго, і пры канцы сваім станецца дурнем».12«Пасад славы, узвышаны спрадвеку — гэта месца сьвятыні нашай!13Надзея Ізраіля, ГОСПАДЗЕ! Усе, якія пакідаюць Цябе, будуць асаромленыя. Тыя, якія адварочваюцца ад Цябе, будуць запісаныя на зямлі, бо яны пакінулі ГОСПАДА, крыніцу вады жывой.14Аздараві мяне, ГОСПАДЗЕ, і буду аздароўлены! Збаў мяне, і буду збаўлены! Бо Ты — хвала мая!15Вось, яны кажуць мне: “Дзе слова ГОСПАДА? Няхай яно прыйдзе”.16Але я не ўцякаў, каб быць пастырам у Цябе і ня прагнуў дня зьнішчэньня. Ты ведаеш, тое, што выходзіла з вуснаў маіх, было перад абліччам Тваім.17Ня будзь для мяне жахам, Ты — прыбежышча маё ў дзень няшчасьця!18Няхай будуць асаромленыя тыя, якія перасьледуюць мяне, а я няхай ня буду асаромлены. Няхай яны будуць зьбянтэжаны, а я няхай ня буду зьбянтэжаны. Спашлі на іх дзень ліхі, і падвойным ударам удар іх».19Гэта сказаў мне ГОСПАД: «Ідзі і стань у браме сыноў народу, праз якую ўваходзяць валадары Юды і праз якую выходзяць, і ў-ва ўсіх брамах Ерусаліму,20і кажы ім: “Слухайце слова ГОСПАДА, валадары Юды, і ўвесь Юда, і ўсе жыхары Ерусаліму, якія ўваходзяць праз брамы гэтыя.21Гэта кажа ГОСПАД. Сьцеражыцеся, каб [захаваць] душы вашыя, і не насіце цяжараў у дзень суботы, і ня ўносьце іх праз брамы Ерусаліму.22І не выносьце цяжараў з дамоў вашых у дзень суботы, і не рабіце ніякай работы, але сьвяткуйце дзень суботы, як Я загадаў бацькам вашым”.23Але яны ня слухалі, і не прыхілілі вуха сваё, але зрабілі цьвёрдым карак свой, каб ня слухаць і не прыняць настаўленьня.24І станецца, калі, слухаючы, будзеце слухаць Мяне, кажа ГОСПАД, і ня будзеце ўносіць цяжараў праз брамы гораду гэтага ў дзень суботы, і будзеце сьвяткаваць дзень суботы, і ня будзеце рабіць у гэты [дзень] аніякае работы,25будуць уваходзіць праз брамы гораду гэтага валадары і князі, якія сядзяць на пасадзе Давіда, будуць езьдзіць на калясьніцах і конях яны, князі іхнія, мужы Юды і жыхары Ерусаліму, а горад гэты будзе абжыты на вякі.26І будуць прыходзіць з гарадоў Юды і з ваколіцаў Ерусаліму, з зямлі Бэн’яміна, з Шэфэлі, з гор і з Нэгеву, прыносячы цэласпаленьні і ахвяры, ахвяры хлебныя і кадзіла і прыносячы ахвяры падзякі ў Дом ГОСПАДА.27А калі ня будзеце слухаць Мяне, каб сьвяткаваць дзень суботы, і не насіць цяжараў, уваходзячы праз брамы Ерусаліму ў дзень суботы, Я запалю агонь у брамах ягоных, і ён праглыне палацы Ерусаліму, і ня згасне».