ІСАЯ24bel_jfc

1Вось, ГОСПАД пустошыць зямлю і нішчыць яе, і руйнуе аблічча ейнае, і жыхароў ейных расьцярушвае.2І што будзе з народам, тое і са сьвятаром; што са слугою, тое і з гаспадаром ягоным; што са служкай, тое і з гаспадыняй ейнай; што з тым, хто купляе, тое і з тым, хто продае; што з тым, хто пазычае, тое і з тым, хто дае; што з вінаватым [грошы], тое і з павернікам, [які даў грошы] яму.3Спусташэньнем будзе спустошана зямля і рабаваньнем разрабаваная, бо ГОСПАД прамовіў гэткае слова.4Высахла, зьвяла зямля, змарнеў і зьвяў сусьвет, змарнелі магнаты народу зямлі.5І зямля апаганеная жыхарамі ейнымі, бо яны парушылі Закон, не спаўнялі пастановаў, зламалі запавет вечны.6Дзеля гэтага праклён зьядае зямлю, і пакутуюць жыхары ейныя. Дзеля гэтага чэз­нуць жыхары зямлі, і засталося няшмат людзей.7Сумуе маладое віно, вяне вінаграднік, уздыхаюць усе, якія радаваліся ў сэрцы [сваім].8Заціхла вясёласьць бубнаў, змоўк гоман тых, якія весяляцца; заціхла вясёласьць гусьляў.9Ня п’юць са сьпевамі віна, згоркла сікера для тых, якія п’юць [яе].10Зруйнаваны, спустошаны горад, зачынены ўсе дамы, нельга ўвайсьці [ў іх].11Крык на вуліцах дзеля [нястачы] віна, зьнікла ўсякая радасьць, пайшла ў палон вясёласьць зямлі.12Засталася ў горадзе [толькі] пустэча, брама разьбітая ўшчэнт.13Бо станецца пасярод зямлі, паміж народаў так, як пры абтрасаньні алівак, як пры зьбі­раньні [рэштак], калі скончыўся збор вінаграду.14Яны падымуць голас свой, будуць выслаўляць веліч ГОСПАДА, будуць голасна клікаць ад мора.15Дзеля гэтага слаўце ГОСПАДА на ўсходзе, і на астравах марскіх — імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля.16З канцоў зямлі мы чуем сьпяваньне: «Слава Праведнаму!» Але я сказаў: «Я гіну, я гіну, гора мне! Ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і, ліхадзейнічаючы, ліхадзеі ліхадзейнічаюць».17Страх, яма і пастка на цябе, жыхару зямлі!18І станецца, што той, хто ўцячэ ад крыку жаху, уваліцца ў яму, а той, хто вылезе з ямы, трапіць у пастку, бо адчыніліся вокны нябесныя і затрэсьліся падваліны зямлі.19Развальваючыся, развальваецца зямля, трушчачыся, трушчыцца зямля, дрыжучы, дрыжыць зямля.20Хістаючыся, хістаецца зямля, як п’яны, і гойдаецца, як калыска, цяжарам для яе стаўся грэх ейны; яна ўпадзе і ня ўстане.21І станецца ў той дзень, ГОСПАД наведае войска нябеснае на вышынях і валадароў зямных на зямлі;22і будуць яны зграмаджэньнем зграмаджаныя і ўвязьненыя ў яме, і будуць кінутыя ў вязьніцу, і праз шмат дзён будуць пакараныя.23І месяц пачырванее, і сонца засароміцца, бо заваладарыць ГОСПАД Магуцьцяў на гары Сыён і ў Ерусаліме, і перад старшынямі ягонымі [будзе] слава Ягоная.