БЫЦЬЦЁ34bel_jfc
1I выйшла Дзіна, дачка Леі, якую яна нарадзіла Якубу, паглядзець на дочак зямлі той.2I ўбачыў яе Сыхем, сын Гамора Хівея, князя зямлі той, і ўзяў яе, і ляжаў з ёю, і згвалціў яе.3I прыляпілася душа ягоная да Дзіны, дачкі Якуба, і ён пакахаў дзяўчыну, і гаварыў да сэрца дзяўчыны.4I сказаў Сыхем Гамору, бацьку свайму, кажучы: «Вазьмі мне дзяўчыну гэтую за жонку».5I Якуб пачуў, што зганьбавана Дзіна, дачка ягоная, а сыны ягоныя былі пры статку на полі, і маўчаў Якуб, пакуль не прыйшлі яны.6I выйшаў Гамор, бацька Сыхему, да Якуба паразмаўляць з ім.7А сыны Якуба прыйшлі з поля, і, пачуўшы, засмуціліся мужы, і гневаліся вельмі, бо ганьбу зрабіў [Сыхем] Ізраілю, лёгшы з дачкою Якуба, бо гэтак ня робіцца.8I гаварыў Гамор з імі, кажучы: «Сыхем, сын мой, прыляпіўся душою сваёю да дачкі вашае. Дайце, прашу, яе яму за жонку.9І пасваячцеся з намі, дочак вашых дайце нам, а дочак нашых бярыце сабе.10I з намі жывіце, і зямля гэтая будзе перад абліччам вашым, жывіце і гандлюйце ў ёй, і бярыце яе [на ўласнасьць]».11I сказаў Сыхем бацьку ейнаму і братам ейным: «Каб я знайшоў ласку ў вачах вашых, і што скажаце мне, я дам.12Павялічце мне вельмі вена і дары, і я дам, што вы скажаце мне, толькі дайце мне дзяўчыну за жонку».13I адказалі сыны Якуба Сыхему і Гамору, бацьку ягонаму, падступна, і гаварылі так, бо ён зганьбіў Дзіну, сястру іхнюю.14I сказалі ім: «Ня можам зрабіць гэтага, выдаць сястру нашую чалавеку, які мае скуравінку, бо ганьба гэта для нас.15Толькі тады мы пагодзімся з вамі, калі вы будзеце, як мы, каб быў абрэзаны ў вас кожны мужчына.16I будзем даваць дочак нашых вам, а дочак вашых браць сабе, і будзем жыць з вамі, і будзем адзін народ.17А калі не паслухаеце нас, каб абрэзацца, мы возьмем дачку нашую і адыйдзем».18I былі добрымі словы іхнія ў вачах Гамора і ў вачах Сыхема, сына Гамора.19I не затрымаўся юнак той зрабіць гэтую справу, бо ён жадаў дачку Якуба. А ён быў найбольш шанаваны ў-ва ўсім доме бацькі свайго.20I прыйшоў Гамор і Сыхем, сын ягоны, да брамы гораду свайго, і гаварылі жыхарам гораду свайго, кажучы:21«Гэтыя людзі прыязныя да нас. Няхай яны жывуць у зямлі гэтай і гандлююць у ёй. І зямля гэтая прасторная перад абліччам іхнім. Дочак іхніх возьмем сабе за жонак, а дочак нашых дамо ім.22Толькі пры адной [умове] пагодзяцца з намі людзі гэтыя, каб жыць з намі і быць адным народам, калі ў нас будуць абрэзаныя ўсе мужчынскага [роду], як яны абрэзаныя.23Статкі іхнія, і маёмасьць іхняя, і ўся скаціна іхняя, ці ж ня нашая [будзе]? Толькі пагодзімся з імі, і яны будуць жыць з намі».24I паслухалі Гамора і Сыхема, сына ягонага, усе, што выходзілі з брамы гораду свайго; і былі абрэзаныя ўсе мужчынскага [роду], усе, што выходзілі з брамы гораду свайго.25I сталася на трэці дзень, калі яны былі ў вялікім болю, узялі два сыны Якуба, Сымон і Левій, браты Дзіны, кожны меч свой, і ўвайшлі ў горад, [які пачуваўся] бясьпечна, і забілі ўсіх мужчынаў.26I Гамора, і Сыхема, сына ягонага, забілі вострывам мяча, і ўзялі Дзіну з дому Сыхема, і выйшлі.27Сыны Якуба прыйшлі да забітых і зрабавалі горад за тое, што зганьбілі сястру іхнюю.28I авечак іхніх, і валоў іхніх, і аслоў іхніх, і тое, што было ў горадзе і што было ў полі, яны ўзялі.29I ўсё багацьце іхняе, і ўсіх дзяцей іхніх, і жанчынаў іхніх узялі ў палон, і зрабавалі ўсё, што было ў дамах.30I сказаў Якуб Сымону і Левію: «Вы зрабілі зьнішчэньне мне, зрабіўшы мяне агідным для жыхароў зямлі гэтае, Хананейцаў і Пэрэзэяў, а ў мяне людзей няшмат, і зьбяруцца на мяне, і паб’юць мяне, і будуць зьнішчаны я і дом мой».31А яны сказалі: «Ці ж можна рабіць з сястрою нашаю як з блудніцаю?»