БЫЦЬЦЁ24bel_jfc
1I Абрагам быў стары, і меў шмат дзён, і ГОСПАД дабраславіў Абрагама ў-ва ўсім.2I сказаў Абрагам слузе свайму, старэйшаму ў доме сваім, які меў уладу над усім, што ў яго было: «Палажы руку сваю пад сьцягно маё,3і я прывяду цябе да прысягі на ГОСПАДА, Бога неба і Бога зямлі, што ты ня возьмеш жонкі сыну майму з дачок Хананейскіх, сярод якіх я жыву,4але пойдзеш у зямлю маю і да родзічаў маіх, і возьмеш жонку сыну майму Ісааку».5I сказаў яму слуга: «Можа, не пажадае тая жанчына ісьці са мною сюды, у гэтую зямлю. Ці маю я завесьці сына твайго адсюль у тую зямлю, з якой ты выйшаў?»6I сказаў яму Абрагам: «Сьцеражыся, каб не завесьці туды сына майго.7ГОСПАД, Бог неба, Які ўзяў мяне з дому бацькі майго і з зямлі нараджэньня майго, і Які казаў да мяне, і Які прысягнуў мне, кажучы: “Насеньню твайму Я дам гэтую зямлю”, — Ён пашле анёла Свайго перад абліччам тваім, і ты возьмеш адтуль жонку сыну майму.8А калі не пажадае тая жанчына ісьці з табою, ты будзеш вызвалены ад гэтае прысягі маёй; толькі сына майго не завядзі туды».9I палажыў слуга руку сваю пад сьцягно Абрагама, пана свайго, і прысягнуў яму ў гэтай справе.10I ўзяў той слуга дзесяць вярблюдаў пана свайго, і пайшоў, і ўсялякае даброцьце пана ягонага [было] ў руцэ ягонай. І ўстаў ён, і пайшоў у Арам-Нагараім, у горад Нахора.11I дазволіў ён вярблюдам укленчыць вонкі гораду каля студні вады пад вечар, у той час, калі выходзяць чэрпаць ваду.12I сказаў ён: «ГОСПАДЗЕ, Божа пана майго Абрагама! Зрабі, каб сталася [ласка] мне сёньня, і ўчыні міласэрнасьць пану майму Абрагаму.13Вось, я стаю каля крыніцы вады, і дочкі жыхароў гораду выходзяць чэрпаць ваду.14Няхай станецца, што тая дзяўчына, якой я скажу: “Нахілі збан свой, і я нап’юся”, і якая скажа: “Пі, я і вярблюдаў тваіх напаю”, вось гэта тая, якую Ты прызначыў слузе Твайму Ісааку, і з гэтага пазнаю, што Ты ўчыніў міласэрнасьць пану майму».15I сталася, перш, чым скончыў ён казаць, вось, выйшла Рэбэка, якая нарадзілася ў Бэтуэля, сына Мількі, жонкі Нахора, брата Абрагама, і збан ейны на плячы ў яе.16І [была] тая дзяўчына вельмі прыгожая з выгляду, дзяўчына, якую мужчына не пазнаў. І зыйшла яна да крыніцы, і напоўніла збан, і вярталася.17I пабег слуга насустрач ёй, і сказаў: «Дай мне глытнуць крыху вады са збана твайго».18I сказала яна: «Пі, пане мой». I пасьпяшалася, і спусьціла збан на руку сваю, і дала яму напіцца.19I скончыла яна даваць яму піць, і сказала: «Таксама для вярблюдаў тваіх я буду чэрпаць, пакуль не нап’юцца».20I пасьпяшалася, і выліла збан свой у карыта, і пабегла зноў да студні чэрпаць, і чэрпала для ўсіх вярблюдаў ягоных.21І чалавек той моўчкі ўглядаўся на яе, каб спазнаць, ці даў ГОСПАД посьпех на шляху ягоным, ці не.22I сталася, як вярблюды напіліся, узяў чалавек той залатое колца ў паўсыкля вагою і два бранзалеты на рукі ейныя, вага якіх дзесяць сыкляў золата,23і сказаў: «Чыя ты дачка? Скажы мне. Ці ёсьць у доме бацькі твайго месца для нас, каб начаваць?»24І яна сказала яму: «Я — дачка Бэтуэля, сына Мількі, якога яна нарадзіла Нахору».25I сказала яму: «Таксама саломы і корму шмат у нас, а таксама месца, каб начаваць».26I схіліўся чалавек той, і пакланіўся ГОСПАДУ,27і сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог пана майго Абрагама, Які не ўхіліў міласэрнасьці Сваёй і вернасьці Сваёй ад пана майго! Я — на шляху, якім прывёў мяне ГОСПАД да дому брата пана майго».28I пабегла дзяўчына, і расказала дома маці сваёй пра тое, што здарылася.29А ў Рэбэкі [быў] брат, імя ягонае — Ляван. I пабег Ляван вонкі да таго чалавека да крыніцы.30I сталася, калі ўбачыў ён колца і бранзалеты на руках у сястры сваёй і пачуў словы Рэбэкі, сястры сваёй, якая сказала: «Гэтак гаварыў са мною чалавек той», дык прыйшоў да чалавека таго, і вось, ён стаіць пры вярблюдах каля крыніцы.31I сказаў [Ляван]: «Увайдзі, дабраслаўлёны ГОСПАДАМ. Чаму ты стаіш на двары? Я падрыхтаваў дом і месца для вярблюдаў».32I ўвайшоў чалавек той у дом. I [Ляван] расьсядлаў вярблюдаў, і даў саломы і корму для вярблюдаў, і вады, каб памыць ногі ягоныя і ногі людзей, якія з ім.33I паставілі перад ім есьці; а ён сказаў: «Ня буду есьці, пакуль не скажу словы свае». I сказаў [Ляван]: «Кажы!»34І ён сказаў: «Я — слуга Абрагама.35I ГОСПАД вельмі дабраславіў пана майго, і ён стаў вялікі. І Ён даў яму авечак і валоў, і срэбра, і золата, і слугаў, і нявольніцаў, і вярблюдаў, і аслоў.36I нарадзіла Сара, жонка пана майго, сына пану майму пасьля, у старасьці сваёй, і ён аддаў яму ўсё, што ў яго.37I ўзяў з мяне прысягу пан мой, кажучы: “Не бяры жонкі сыну майму з дачок Хананейскіх, сярод якіх я жыву, у зямлі іхняй,38але пойдзеш у дом бацькі майго і да сям’і маёй, і возьмеш жонку сыну майму”.39I сказаў я пану майму: “Можа, ня пойдзе жанчына тая са мною”.40I сказаў ён мне: “ГОСПАД, перад абліччам Якога я хадзіў, пашле анёла Свайго з табою і дасьць посьпех на шляху тваім, і ты возьмеш жонку сыну майму з сям’і маёй і з дому бацькі майго.41Тады будзеш ты вызвалены ад прысягі маёй, калі прыйдзеш да сям’і маёй, і калі яны не дадуць табе, ты будзеш вызвалены ад прысягі!”42І прыйшоў я сёньня да крыніцы, і сказаў: “ГОСПАДЗЕ, Божа пана майго Абрагама! Калі ёсьць воля Твая, дай посьпех на шляху маім, па якім іду.43Вось, я стаю каля крыніцы вады, і няхай будзе, што тая дзяўчына, якая выйдзе чэрпаць, і я скажу ёй: "Дай мне напіцца крыху вады са збана твайго",44а яна скажа мне: "І ты пі, і я таксама для вярблюдаў начэрпаю", яна [будзе] тою жанчынаю, якую прызначыў ГОСПАД сыну пана майго”.45Перш чым скончыў я гаварыць у сэрцы сваім, вось, Рэбэка выйшла, і збан ейны на плячы ў яе. І зыйшла яна да крыніцы, і начэрпала; і я сказаў ёй: “Дай мне напіцца!”46І яна пасьпяшалася, і спусьціла збан з сябе, і сказала: “Пі, і таксама вярблюдаў тваіх я напаю”. I я піў, і вярблюдаў яна напаіла.47І я запытаўся ў яе і сказаў: “Чыя ты дачка?” Яна сказала: “Дачка Бэтуэля, сына Нахора, якога нарадзіла яму Мілька”. I надзеў я колца ў нос ейны, і бранзалеты на рукі ейныя.48I я схіліўся, і пакланіўся ГОСПАДУ, і дабраславіў ГОСПАДА, Бога пана майго Абрагама, Які прывёў мяне шляхам праўды, каб узяў я дачку брата пана майго для сына ягонага.49I калі вы жадаеце ўчыніць міласэрнасьць і вернасьць пану майму, скажыце мне, а калі не, скажыце мне, і я павярну направа альбо налева».50I адказалі Ляван і Бэтуэль, і сказалі: «Ад ГОСПАДА выйшла слова гэтае, мы ня можам казаць табе ані ліхога, ані добрага.51Вось, Рэбэка перад абліччам тваім, вазьмі і пайдзі, і няхай будзе яна жонкаю сыну пана твайго, як казаў ГОСПАД».52I сталася, калі пачуў слуга Абрагама словы іхныя, пакланіўся да зямлі ГОСПАДУ.53I выняў слуга рэчы срэбныя, і рэчы залатыя, і шаты, і даў Рэбэцы; і каштоўныя рэчы даў брату ейнаму і маці ейнай.54I елі, і пілі ён і людзі, якія з ім, і пераначавалі. I ўсталі раніцаю, і ён сказаў: «Адпусьціце мяне да пана майго».55I сказаў брат ейны і маці ейная: «Няхай застанецца з намі дзяўчына на дзён дзесяць, потым пойдзе».56І ён сказаў ім: «Не затрымлівайце мяне. ГОСПАД даў посьпех на шляху маім, адпусьціце мяне, і я пайду да пана майго».57I яны сказалі: «Паклічам дзяўчыну і спытаемся ў яе».58I паклікалі Рэбэку, і сказалі ёй: «Ці пойдзеш з гэтым чалавекам?» Яна сказала: «Пайду!»59I адпусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і няньку ейную, і слугу Абрагама, і людзей ягоных.60I дабраславілі Рэбэку, і сказалі ёй: «Сястра наша, ты станься тысячай тысячаў, і няхай насеньне тваё ўспадкаеміць брамы ворагаў сваіх!»61I ўстала Рэбэка і служкі ейныя, і селі на вярблюдаў, і пайшлі за тым чалавекам. I ўзяў слуга Рэбэку, і пайшоў.62І прыйшоў Ісаак з [дарогі] ад Бээр-Ляхай-Рой, а ён жыў у зямлі Нэгеў.63I выйшаў Ісаак падумаць у поле пад вечар, і ўзьняў вочы свае, і ўбачыў, і вось, вярблюды прыходзяць.64I ўзьняла Рэбэка вочы свае, і ўбачыла Ісаака, і сьсела з вярблюда.65I сказала слузе: «Хто гэты чалавек, які ідзе па полі насустрач нам?» I сказаў слуга: «Гэта пан мой». I яна ўзяла вэлюм, і засланілася.66I распавёў слуга Ісааку ўсе справы, якія ён зрабіў.67I ўвёў яе Ісаак у намёт Сары, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку, і яна стала яму жонкаю, і ён кахаў яе. І суцешыўся Ісаак па маці сваёй.