БЫЦЬЦЁ21bel_jfc

1І ГОСПАД наведаў Сару, як сказаў; і ўчыніў ГОСПАД Сары, як гаварыў.2I зачала Сара, і нарадзіла сына Абрагаму ў старасьці ягонай, у час, пра які казаў яму Бог.3I назваў Абрагам сына свайго, які нарадзіўся яму, якога нарадзіла яму Сара, Ісаак.4I абрэзаў Абрагам Ісаака, сына свайго, на восьмы дзень, як загадаў яму Бог.5І было Абрагаму сто гадоў, калі нарадзіўся ў яго Ісаак, сын ягоны.6I сказала Сара: «Сьмех учыніў з мяне Бог. Кожны, хто пачуе, будзе сьмяяцца з мяне».7I сказала: «Хто сказаў бы Абрагаму: “Сара будзе карміць грудзьмі сыноў”, бо я нарадзіла сына ў старасьці ягонай».8I вырасла дзіцятка, і было аднятае ад грудзей, і ўчыніў Абрагам вялікую гасьціну ў той дзень, калі Ісаак быў адняты ад грудзей.9I ўбачыла Сара сына Агар Эгіпцянкі, якога тая нарадзіла Абрагаму, што ён насьміхаецца,10і сказала Абрагаму: «Выгані гэтую нявольніцу і сына ейнага, бо ня будзе мець спадчыну сын нявольніцы гэтай з сынам маім Ісаакам».11I было гэта ліхім у вачах Абрагама адносна сына ягонага.12I сказаў Бог Абрагаму: «Няхай ня будзе гэта ліхім у вачах тваіх адносна хлопчыка і адносна нявольніцы тваёй. У-ва ўсім, што скажа табе Сара, слухай голасу ейнага, бо ў Ісааку будзе названа насеньне тваё.13Таксама сына нявольніцы Я зраблю народам, бо ён — насеньне тваё».14І ўстаў Абрагам раніцаю, і ўзяў хлеб і мех вады, і даў Агар, і палажыў ёй на плечы, і выслаў яе разам з дзіцём. І яна пайшла, і блукала ў пустыні Бээр-Шэва.15I скончылася вада ў мяху, і яна пакінула дзіця пад адным з кустоў,16і пайшла, і села насупраць так далёка, як стрэліць з луку, бо яна сказала: «Няхай ня буду глядзець на сьмерць дзіцяці». I сядзела насупраць, і ўзьняла голас свой, і плакала.17I пачуў Бог голас хлопчыка. І паклікаў анёл Божы да Агар з неба, і сказаў ёй: «Што з табою, Агар? Ня бойся, бо пачуў Бог голас хлопчыка з месца, дзе Ён ёсьць.18Устань, падымі хлопца і трымай яго моцна рукою сваёю, бо Я зраблю яго народам вялікім».19I адчыніў Бог вочы ейныя, і яна ўбачыла студню з вадою, і пайшла, і напоўніла мех вады, і дала піць хлопцу.20I быў Бог з хлопцам; і ён вырас, і жыў у пустыні, і быў стралец з луку.21І ён жыў у пустыні Паран; і ўзяла яму маці ягоная жонку з зямлі Эгіпецкай.22I сталася ў той час, і сказаў Абімэлех і Піколь, гетман ягоны, Абрагаму, кажучы: «Бог з табою ў-ва ўсім, што ты робіш.23I цяпер прысягні мне Богам тут, што ты ня здрадзіш ані мне, ані нашчадку майму, ані ўнуку майму, і як я чыніў міласэрнасьць табе, так ты будзеш рабіць са мною і з зямлёю, у якой ты жывеш».24I сказаў Абрагам: «Прысягаю».25I дакараў Абрагам Абімэлеха з прычыны студні вады, якую забралі слугі Абімэлеха.26I сказаў Абімэлех: «Я ня ведаю, хто ўчыніў гэтую рэч, і ты не расказваў мне, і я ня чуў нічога аж да сёньняшняга дня».27I ўзяў Абрагам авечак і валоў, і даў Абімэлеху, і заключылі яны абодва запавет.28I паставіў Абрагам сем ягнятаў з чарады асобна.29I сказаў Абімэлех Абрагаму: «Навошта гэтыя сем ягнятаў, якіх ты паставіў асобна?»30I сказаў [Абрагам]: «Бо сем гэтых ягнятаў возьмеш з рукі маёй, каб яны былі мне сьведчаньнем, што я выкапаў гэтую студню».31Дзеля таго і названа гэтае месца Бээр-Шэва, бо там яны абодва прысягалі.32I заключылі запавет у Бээр-Шэве. I ўстаў Абімэлех і Піколь, гетман ягоны, і вярнуліся ў зямлю Філістынскую.33I пасадзіў [Абрагам] гай у Бээр-Шэве, і клікаў там імя ГОСПАДА, Бога вечнага.34I жыў Абрагам у зямлі Філістынскай шмат дзён.