БЫЦЬЦЁ17bel_jfc

1І было Абраму дзевяноста дзевяць гадоў. І зьявіўся ГОСПАД Абраму, і сказаў яму: «Я — Бог Усемагутны. Хадзі перад абліччам Маім і будзь беззаганны.2І Я заключу запавет Мой паміж Мной і табой, і павялічу цябе вельмі, вельмі».3І ўпаў Абрам на аблічча сваё, а Бог прамовіў да яго, кажучы:4«Я [ёсьць], вось запавет Мой з табою, і ты будзеш бацькам мноства народаў.5І ўжо ня будзе звацца імя тваё Абрам, але будзе імя тваё Абрагам, бо Я паставіў цябе бацькам мноства народаў.6І Я павялічу цябе вельмі, вельмі, і выведу з цябе народы, і будуць паходзіць ад цябе валадары.7І Я заключу запавет Мой паміж Мною і табой, і насеньнем тваім пасьля цябе ў пакаленьнях іхніх як запавет вечны, што Я буду Богам тваім і насеньня твайго пасьля цябе.8І Я дам табе і насеньню твайму пасьля цябе зямлю вандраваньня твайго, усю зямлю Ханаан на ўласнасьць вечную, і Я буду ім Богам».9І сказаў Бог Абрагаму: «А ты захоўвай запавет Мой, ты і насеньне тваё пасьля цябе ў пакаленьнях сваіх.10Гэта вось запавет Мой, які вы павінны захаваць паміж Мной і вамі, і насеньнем тваім пасьля цябе: няхай будзе ў вас абрэзаны кожны мужчынскага роду.11І вы будзеце абразаць цела скуравінкі вашай, і будзе гэта на знак запавету паміж Мною і вамі.12У восьмы дзень ад нараджэньня няхай будзе абрэзаны ў вас кожны мужчынскага роду ў пакаленьнях вашых, народжаны ў доме або куплены за грошы ў кожнага чужынца, які ня ёсьць з насеньня твайго.13Мае быць абрэзаны і народжаны ў доме тваім, і куплены за срэбра тваё; і будзе запавет Мой на целе вашым як запавет вечны.14А неабрэзаны мужчынскага роду, які не абрэжа цела скуравінкі сваёй, няхай будзе вынішчана душа тая з народу свайго, бо ён парушыў запавет Мой».15І сказаў Бог Абрагаму: «Сарай, жонку тваю, ня будзеш зваць імя яе Сарай, але Сара будзе імя яе.16І Я дабраслаўлю яе, і дам з яе табе сына. І Я дабраслаўлю яе, і стануцца з яе народы, і валадары народаў будуць з яе».17І ўпаў Абрагам на аблічча сваё, і засьмяяўся, і сказаў у сэрцы сваім: «Ці ж стогадоваму народзіцца хто? І ці Сара, дзевяностагадовая, можа нарадзіць?»18І сказаў Абрагам Богу: «О, каб хоць Ізмаэль жыў перад абліччам Тваім!»19І сказаў Бог: «Але Сара, жонка твая, народзіць табе сына, і ты назавеш імя ягонае Ісаак; і Я заключу запавет Мой з ім як запавет вечны і з насеньнем яго пасьля яго.20І адносна Ізмаэля Я пачуў цябе. Вось, Я дабраслаўлю яго, і распладжу яго, і памножу яго вельмі, вельмі; ён народзіць дванаццаць князёў, і Я зраблю яго народам вялікім.21Але запавет Мой Я заключу з Ісаакам, якога народзіць табе Сара ў гэты самы час у наступным годзе».22І скончыў прамаўляць да яго, і ўзьняўся Бог ад Абрагама.23І ўзяў Абрагам Ізмаэля, сына свайго, і ўсіх народжаных у доме сваім, і ўсіх купленых за срэбра сваё, усіх мужчынскага роду з дому Абрагама, і абрэзаў цела скуравінкі іхняй у той самы дзень, калі прамаўляў да яго Бог.24Абрагам меў дзевяноста дзевяць гадоў, калі абрэзаў цела скуравінкі сваёй,25а Ізмаэль, сын ягоны, меў трынаццаць гадоў, калі было абрэзана цела скуравінкі ягонай.26У той самы дзень былі абрэзаны Абрагам і Ізмаэль, сын ягоны.27І ўсе мужчыны дому ягонага, народжаныя ў доме і купленыя за срэбра ў чужынцаў, былі абрэзаныя з ім.