ГАЛЯТАЎ4bel_jfc

1Кажу вось: увесь час, пакуль спадкаемца — немаўля, ён нічым ня лепшы за слугу, хоць ён пан усяго,2але ён пад наглядчыкамі і аканомамі аж да вызначанага бацькам часу.3Гэтак і мы, калі былі немаўлятамі, былі паняволеныя стыхіям сьвету.4А калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, Які быў з жанчыны і быў пад Законам,5каб адкупіць тых, якія пад Законам, каб нам атрымаць усынаўленьне.6А як вы — сыны, Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які кліча: «Абба, Ойча!»7Так што ты ўжо не слуга, але сын; а калі сын, дык і спадкаемца Бога праз Хрыста.8Але тады, ня ведаючы Бога, вы служылі тым, якія паводле прыроды ня ёсьць богі.9Цяпер жа, пазнаўшы Бога, а больш пазнаныя Богам, як вы вяртаецеся ізноў да нядужых і ўбогіх стыхіяў, якім зноў хочаце служыць нанова?10Вы сочыце за днямі, і месяцамі, і порамі, і гадамі.11Баюся за вас, ці не надарма я працаваў у вас.12Прашу вас, браты, будзьце, як і я, бо і я, як вы. Вы нічым ня скрыўдзілі мяне.13А вы ведаеце, што я ў нядужасьці цела дабравесьціў вам раней,14і вы не пагардзілі спакусай маёй, якая ў целе маім, і не адапхнулі, але прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса.15Дык якое было шчасьце вашае! Бо сьведчу вам, што калі б было магчыма, вырваўшы вочы вашыя, вы далі б мне.16Дык ці ж я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?17Рупяцца пра вас нядобра, але хочуць аддзяліць вас [ад нас], каб вы рупіліся пра іх.18А добра рупіцца пра добрае заўсёды, а ня толькі, калі я прысутны ў вас,19дзеткі мае, якімі ізноў мучуся ў радзінах, пакуль не ўкштал­туецца ў вас Хрыстос.20Хацеў бы я цяпер быць прысутным у вас і зьмяніць голас мой, бо я зьбянтэжаны вамі.21Скажыце мне вы, якія хочаце быць пад Законам: ці ж вы ня слухаеце Закону?22Бо напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго ад служкі і аднаго ад свабоднай.23Але той, які ад служкі, народжаны паводле цела, а той, які ад свабоднай, — праз абяцаньне.24Гэта ёсьць алегорыя. Бо гэта два запаветы: адзін — ад гары Сынай, які нараджае на няволю, які ёсьць Агар.25Бо Агар ёсьць гара Сынай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ерусаліму, які ў няволі з дзецьмі сваімі;26а Ерусалім, які ўгары, — свабодны, ён ёсьць маці ўсім нам.27Бо напісана: «Узьвесяліся, няплодная, якая не нараджала; загукай і закрычы ты, якая, якая ня мучылася ў радзінах, бо шмат дзяцей у самотнай, больш, чым у той, якая мае мужа».28А мы, браты, паводле Ісаака — дзеці абяцаньня.29Але як тады той, які быў народжаны паводле цела, перасьледаваў таго, які паводле духа, гэтак і цяпер.30Але што кажа Пісаньне? «Выгані служку і сына ейнага, бо сын служкі ня будзе спадкаемцам разам з сынам свабоднай».31Дык вось, браты, мы — дзеці ня служкі, але свабоднай.