ЭЗЭКІЭЛЬ27bel_jfc
1І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:2«А ты, сыне чалавечы, узьнімі лямант дзеля Тыру3і скажы Тыру, які жыве каля ўваходу ў мора і гандлюе з народамі на астравах шматлікіх: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Тыр, ты сказаў: “Я — [карабель] дасканалай прыгажосьці!”4У сэрцы мора межы твае, будаўнікі твае збудавалі прыгажосьць тваю.5З кіпарысаў Сэнірскіх пабудавалі табе ўсе барты, узялі кедры Лібанскія, каб зрабіць табе мачты,6з дубоў Башанскіх зрабілі вёслы твае, паклад твой зрабілі з косьці слановай, з самшыта з астравоў Кіттым.7З вісону аздобнага Эгіпецкага зрабілі ветразь твой, каб быў для цябе сьцягам. Блакіт і пурпур з астравоў Эліша былі накрыцьцём тваім.8Жыхары Сідону і Арваду былі ў цябе весьлярамі. Мудрацы твае, Тыр, былі ў цябе, яны — мараплаўцы твае.9Старшыні Гэбалю і мудрацы ягоныя былі пры табе, каб напраўляць пашкоджаньні твае. Усе караблі марскія і маракі іхнія былі пры табе, каб гандляваць таварамі тваімі.10Пэрсы, Люд і Пут былі ў войску тваім ваярамі. Шчыты і шаломы яны завешвалі ў цябе і дадавалі табе славы.11Сыны Арваду і войска тваё [былі] кругом на мурах тваіх, а Гамадэйцы — на вежах тваіх; яны вешалі шчыты свае кругом на мурах тваіх, завяршаючы аздобу тваю.12Таршыш гандляваў з табой дзеля мноства ўсякага багацьця; срэбра і жалеза, цыну і волава давалі [табе] за тавары твае.13Яван, Туваль і Мэшэк вялі гандаль з табой, душу чалавека і вырабы з медзі яны давалі за тавары твае.14З Бэт-Тагармы прыводзілі коней, і вершнікаў, і мулаў за тавары твае.15Сыны Дэдану вялі гандаль з табою, і шматлікія астравы гандлявалі з табою. Косьць слановую і дрэва гэбан прыносілі як даніну.16Арам гандляваў з табою дзеля мноства вырабаў тваіх, давалі за тавары твае пэрліны, пурпур, рознакаляровыя тканіны, ядваб, каралі і рубіны.17Юда і зямля Ізраіля вялі гандаль з табою, давалі за тавары твае пшаніцу з Мініту, слодычы, мёд, алей і бальзам.18Дамаск гандляваў з табой дзеля мноства вырабаў тваіх і мноства багацьця твайго, віно з Хэльбону і воўну з Цахару [давалі табе].19Дан і Яван з Уззалю за тавары твае давалі табе жалеза абробленае, цынамон і трысьнёг як тавары для гандлю твайго.20Дэдан вёў гандаль з табою, дыванкі для сёдлаў [даваў табе].21Арабія і ўсе князі Кедару куплялі з рукі тваёй, ягнятамі, баранамі і казламі гандлявалі з табою.22Купцы з Шэвы і Рамы вялі гандаль з табою, давалі за тавары твае найлепшы бальзам, і ўсялякія каштоўныя камяні, і золата.23Харан, Каннэ і Эдэн, купцы з Шэвы, Асірыі і Кільмаду гандлявалі з табой.24Яны вялі гандаль з табою, [прывозілі] каштоўныя строі, плашчы з пурпуру, рознакаляровыя тканіны і дываны, скураныя моцныя шнуры на рынак твой.25Караблі з Таршышу прывозілі да цябе тавары твае. І стаўся ты багаты і вельмі слаўны ў сэрцы мораў.26У воды вялікія завялі цябе весьляры твае, вецер усходні разьбіў цябе ў сэрцы мораў.27Багацьце тваё, тавары твае, гандаль твой, маракі твае і корнікі твае, тыя, што напраўляюць выломы твае, і тыя, што гандлююць таварам тваім, усе ваяры твае, якія ў табе, і ўсё войска тваё, якое пасярод цябе, патопяцца ў сэрцы мораў у дзень падзеньня твайго.28Ад голасу крыку маракоў тваіх задрыжаць узьбярэжжы.29І пазыходзяць з караблёў сваіх усе весьляры, маракі і ўсе корнікі марскія стануць на зямлі,30і загалосяць дзеля цябе гучна, і будуць крычаць горка, і будуць сыпаць пыл на галовы свае, і будуць качацца ў попеле.31І паголяць дзеля цябе галовы сабе, і падпярэжуцца зрэбніцай. І будуць плакаць па табе з горкай душой, галосячы горка.32І ўзьнясуць па табе лямант, і будуць сьпяваць у жалобе: “Хто ж такі, як Тыр, [які] зруйнаваны пасярод мораў!”33Калі тавары твае выходзілі з мора, ты карміў шмат народаў! Дзеля мноства багацьцяў тваіх і тавараў тваіх ты ўзбагаціў валадароў зямлі.34Цяпер ты разьбіты ў моры, і ў глыбіні водаў тавары твае, і ўсё войска тваё, якое ў сярэдзіне цябе, загінула.35Усе жыхары астравоў аслупянелі дзеля цябе, а валадары іхнія затрымцелі ад жаху, затрэсьліся абліччы [іхнія].36Купцы з [розных] народаў сьвішчуць дзеля цябе; стаўся ты страхоцьцем для іх, і ня будзе цябе на вякі”».