ВЫХАД23bel_jfc

1Ня будзеш разносіць весткі марнай, і не давай рукі тваёй бязбожніку, каб быць сьведкам няправасьці.2Не станавіся з большасьцю, каб [рабіць] зло, і не адказвай у справе [судовай], прыхіляючыся да большасьці, калі гэта перакручвае [праўду].3I ўбогаму не патурай у справе [судовай].4Калі сустрэнеш вала ворага твайго альбо асла ягонага, якія заблукалі, вяртаючы, зьвярні яго яму.5Калі ўбачыш, што асёл ненавісьніка твайго ўпаў пад цяжарам сваім, не дазволь сабе пакінуць яго, але застаючыся, застанься з ім.6Ня будзеш перакручваць суд беднага твайго ў [судовай] справе ягонай.7Ад слова фальшывага будзь далёка, і не забівай нявіннага і праведнага, бо Я не апраўдаю бязбожніка.8Дароў не бяры, бо дар засьляпляе відушчых і перакручвае словы праведных.9I прыхадня не ўціскай, таму што вы ведаеце душу прыхадня, бо самі былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай.10I шэсьць гадоў засявай зямлю тваю і зьбірай ураджай ейны,11а ў сёмы [год] запусьці яе і пакінь яе, і будуць жывіцца [з яе] бедныя народу твайго, а рэштаю пасьля іх будуць жывіцца зьвяры палявыя. Так зробіш з вінаграднікам тваім і з аліўнікам тваім.12Шэсьць дзён будзеш рабіць справы твае, а ў дзень сёмы супачынеш, каб спыніўся вол твой і асёл твой, і адпачыў сын служкі тваёй і прыхадзень.13I ўсё, што Я сказаў вам, захоўвайце, і імя багоў іншых ня ўзгадвайце, няхай ня будзе чуваць [яго] з вуснаў тваіх.14Тройчы ў год будзеш сьвяткаваць [сьвяты] Мае.15Сьвята Праснакоў будзеш захоўваць. Сем дзён будзеш есьці праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаным часе месяца Авіў, бо ў гэты [час] ты выйшаў з Эгіпту. І не зьяўляйцеся перад аблічча Маё з пустымі [рукамі].16I Сьвята Жніва пяршынаў працы тваёй, якія ты сеяў на полі, і Сьвята Збору [ўраджаю] пры заканчэньні году, калі зьбярэш працу тваю з поля.17Тройчы ў год мае зьяўляцца кожны мужчына твой перад аблічча Госпада ГОСПАДА.18Не ахвяроўвай над кіслым крыві ахвяры Маёй, і не пакідай на ноч тлушч сьвяточны да раніцы.19Першыя пяршыны зямлі тваёй прынось у дом ГОСПАДА, Бога твайго. Не вары казьляняці ў малацэ маці ягонай.20Вось, Я пасылаю перад табою анёла, каб ён захоўваў цябе ў дарозе і ўвёў цябе ў месца, якое Я падрыхтаваў.21Сьцеражыся перад абліччам ягоным і слухайся голасу ягонага; ня будзь горкім для яго, бо ён не даруе віны вашай, бо імя Маё ў ім.22Калі ты, слухаючы, будзеш слухаць голас ягоны і зробіш усё, што Я прамоўлю, Я буду ворагам ворагаў тваіх і буду ўціскаць тых, што ўціскаюць цябе.23Калі пойдзе анёл Мой перад табою, і прывядзе цябе да Амарэя, Хета, Пэрэзэя, Хананейца, Хівея і Евусэя, і Я выгублю іх,24не пакланяйся багам іхнім, і не служы ім, і не рабі паводле ўчынкаў іхніх, але руйнуючы, зруйнуй іх, і крышачы, скрышы слупы іхнія.25I служыце ГОСПАДУ, Богу вашаму, і Ён дабраславіць хлеб твой і ваду тваю; і Я аддалю хваробы спасярод цябе.26Ня будзе [той, якая] спароніць, і бясплоднай у зямлі тваёй; лік дзён тваіх Я напоўню.27Жах Мой Я пашлю перад табою і стрывожу кожны народ, да якога ты выйдзеш супраць яго, і павярну да цябе каркам усіх ворагаў тваіх.28I пашлю перад табою шаршанёў, і яны выганяць перад табою Хівея, Хананейца і Хета.29Ня выганю іх перад абліччам тваім за адзін год, каб зямля ня сталася пусткаю і не памножыліся супраць цябе зьвяры палявыя.30Памалу, памалу буду праганяць іх перад абліччам тваім, аж пакуль ты не памножышся і ня возьмеш у спадчыну зямлю гэтую.31І Я пастаўлю мяжу тваю ад Мора Чырвонага аж да Мора Філістынскага і ад пустыні аж да Ракі; бо дам у рукі вашыя жыхароў зямлі гэтай, і ты выганіш іх ад аблічча твайго.32Не заключай запавету ані з імі, ані з багамі іхнімі.33Няхай не жывуць яны ў зямлі тваёй, каб яны не ўвялі цябе ў грэх супраць Мяне; бо калі ты будзеш служыць багам іхнім, гэта станецца для цябе пасткаю».