ДРУГАЗАКОНЬНЕ32bel_jfc
1«Прыхіліце вушы, нябёсы, і я прамоўлю! І няхай чуе зямля словы вуснаў маіх!2Няхай кроплямі падае, як дождж, вучэньне маё, няхай сьцякае, як раса, мова мая, як імжа на зеляніну, як залева на траву.3Бо я буду клікаць імя ГОСПАДА! Давайце ўзьвялічым Бога нашага!4[Ён] — Скала, і дасканалыя творы Яго, бо ўсе шляхі Ягоныя справядлівыя. Бог верны, і няма ў Ім хлусьні, Ён — праведны і справядлівы.5Яны сапсаваліся, яны ня ёсьць сынамі Ягонымі з прычыны заганў сваіх, пакаленьне падступнае і крывадушнае.6Ці ж так адплачваеце вы ГОСПАДУ, народзе бязглузды і бяз мудрасьці? Ці ж ня Ён —Бацька твой? Ён набыў цябе і ўчыніў, і ўмацаваў.7Памятай пра дні старадаўнія, разважай пра гады пакаленьняў [мінулых]; спытайся бацьку твайго, і ён паведаміць табе, [спытайся] старшыняў тваіх, і яны раскажуць табе.8Калі Найвышэйшы даваў спадчыну народам, калі разьдзяляў сыноў чалавечых, Ён вызначыў межы народам паводле ліку сыноў Ізраіля.9Уласнасьць ГОСПАДА — народ Ягоны. Якуб — абшар спадчыны Ягонай.10Ён знайшоў яго ў зямлі пустыннай, у [зямлі] пустой і бязьлюднай, дзе выюць [шакалы]. Ён асланяў яго, даглядаў яго і захоўваў яго, як зрэнку вока Свайго.11Як арол узрушвае гняздо сваё і кружляе над птушанятамі сваімі, раскінуўшы крылы свае, бярэ іх і нясе на крылах сваіх,12так ГОСПАД Сам вёў яго, і не было з ім бога чужога.13І Ён паставіў яго на высокай зямлі, каб ён спажываў плады палёў, і Ён карміў яго мёдам са скалы і алеем з цьвёрдага камяня,14маслам кароваў і малаком авечак, тлушчам ягнятаў, і бараноў Башану, і казлоў, і тлушчам нырак, і найчысьцейшай пшаніцай, і ён піў кроў вінаграду.15Насыціўся Ешурун і стаўся брыклівы, стаў сыты, тлусты і гладкі, і пакінуў Бога, Які ўчыніў яго, і зьняважыў Скалу збаўленьня свайго.16І яны ўзбудзілі рэўнасьць Ягоную [багамі] чужымі, і брыдотамі раззлавалі Яго.17Яны складалі ахвяры дэманам, а ня Богу, [пакланяліся] багам, якіх ня ведалі, [багам] новым, якія нядаўна зьявіліся, якім не пакланяліся бацькі іхнія.18Скалу, Якая цябе нарадзіла, ты пакінуў, ня памятаў Бога, Які вывеў на сьвет цябе.19І ўбачыў [гэта] ГОСПАД, і ўзьненавідзеў [іх], і загневаўся на сыноў Сваіх і дочак Сваіх.20І сказаў Ён: “Схаваю аблічча Маё ад іх і пабачу, які [будзе] канец іхні, бо гэта пакаленьне падступнае, сыны няверныя.21Яны ўзбудзілі рэўнасьць Маю тым, што ня [ёсьць] богам, марнасьцямі сваімі раздражнілі Мяне; і Я ўзбуджу рэўнасьць іхнюю тым, што ня [ёсьць] народам, народам дурным раздражню іх.22Узгарэўся агонь ярасьці Маёй і будзе гарэць аж да найглыбейшай адхлані, і спаліць зямлю і ўраджай ейны, і спапяліць падваліны гор.23Я зьбяру на іх няшчасьці, [пушчу] ў іх стрэлы Мае.24Будзе іх марыць голад, паліць трасца і пошасьць лютая, і Я пашлю на іх зубы зьвяроў і атруту тых, што поўзаюць у пыле.25На двары будзе нішчыць іх меч, а ў дамах — жах, юнака разам з дзяўчынаю, немаўля разам з чалавекам сівым.26Я сказаў: "Вынішчу іх і спыню ў людзей памяць пра іх".27Але Я [спыніў гэта] з прычыны зьнявагаў ворагаў, каб прыгнятальнікі іхнія не вывышаліся і не казалі: "Рука нашая ўзьнятая, а ня ГОСПАД зрабіў усё гэта!"28Бо гэта народ бязрадны, і няма ў іх розуму.29Калі б яны былі мудрымі, яны б зразумелі гэта і разважалі б пра канец свой!30Ці мог бы адзін гнаць тысячу, а дваіх выгнаць дзесяць тысячаў, калі б Скала іхняя не прадала іх [у няволю] і калі б ГОСПАД не пакінуў іх?31Бо скала іхняя не такая, як Скала нашая; але ворагі нашыя [будуць] судзьдзямі.32Бо вінаград іхні — з вінаграднай лазы Садомскай і з палёў Гаморскіх. Ягады іхнія атрутныя, а гронкі [горкія], як палын.33Віно іхняе — атрута цмочая і сьмяротная труцізна гадзючая.34Ці ж гэта не схавана ў-ва Мне і не запячатана ў скарбніцах Маіх?35Мне [належыць] помста і Я аднагароджу ў час, калі пахісьнецца нага іхняя! Бо блізка ўжо дзень загубы іхняй і надыходзіць рашэньне [лёсу] іхняга.36І будзе судзіць ГОСПАД народ Свой, і пашкадуе Ён слугаў Сваіх, калі ўбачыць, што рука іхняя аслабела і што няма ані нявольнікаў, ані вольных.37І скажа Ён: “Дзе ж богі іхнія, дзе скала, на якую яны мелі надзею,38што елі тлустасьць ахвяраў іхніх, і пілі віно іхніх ахвяраў вадкіх? Няхай устануць і дапамогуць вам, і няхай у бядзе абароняць вас!39Паглядзіце цяпер, што Я, Я ёсьць, і няма Бога апрача Мяне, Я забіваю і Я даю жыць, Я калечу і Я аздараўляю, і няма такога, хто можа вырвацца з рукі Маёй.40Я падыму да неба руку Маю і скажу: "Жыву вечна!"41Калі Я вывастру меч Мой бліскучы і рука Мая выканае прысуд, Я адпомшчу ворагам Маім, і тым, якія ненавідзяць Мяне, Я аднагароджу.42Я напаю крывёю стрэлы Мае, і меч Мой насыціцца мясам, крывёй забітых і палонных, галовамі варожых правадыроў!”43Весяліцеся, народы, з народам Ягоным, бо Ён адпомсьціць за кроў слугаў Сваіх і ўчыніць помсту ворагам Сваім, і міласьцівы будзе да зямлі народу Свайго».44І пайшоў Майсей з Егошуа, сынам Нуна, і прамовіў усе словы сьпеву гэтага ў вушы народу.45І скончыў Майсей прамаўляць усе словы гэтыя да ўсяго Ізраіля,46і сказаў ім: «Зьмясьціце ў сэрцы вашым усе словы, якімі я сёньня папярэджваю вас, і загадайце сынам вашым захоўваць іх, і выконваць усе словы Закону гэтага.47Бо слова гэтае не пустое для вас, але гэта жыцьцё вашае; і праз слова гэтае будуць доўгія дні [вашыя] на зямлі, у якую вы пераходзіце праз Ярдан, каб авалодаць ёю».48І ў той самы дзень прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:49«Узыйдзі на гэтую гару Абарым, на гару Нэво, якая ў зямлі Мааў насупраць Ерыхону, і паглядзі на зямлю Ханаан, якую Я даю сынам Ізраіля на ўласнасьць.50А ты памрэш на гары, на якую ты ўзыйдзеш, і далучышся да народу свайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Гор і далучыўся да народу свайго.51За тое, што вы дапусьціліся злачынства адносна Мяне між сынамі Ізраіля пры водах Мэрывы каля Кадэшу, у пустыні Сін, за тое, што вы ня выявілі сьвятасьць Маю сярод сыноў Ізраіля,52за гэта [толькі] здалёк убачыш тую зямлю, але ты сам ня ўвойдзеш туды, у зямлю, якую Я даю сынам Ізраіля».