ДРУГАЗАКОНЬНЕ16bel_jfc

1Захоўвай месяц Авіў і сьвяткаваньне Пасхі ГОСПАДА, Бога твайго, бо ў месяцы Авіў вывеў цябе ГОСПАД, Бог твой, з Эгіпту ноччу.2І ахвяруеш ахвяру Пасхі ГОСПАДУ, Богу твайму, авечку ці цяля, у месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб было там імя Ягонае.3Ня будзеш есьці з ёю кіслае. Сем дзён будзеш есьці з ёю праснакі, хлеб бедаваньня, бо пасьпешліва выйшаў ты з зямлі Эгіпецкай, каб ты памятаў пра дзень выхаду твайго з зямлі Эгіпецкай усе дні жыцьця свайго.4Ня будзе бачна ў цябе кісьлі ў-ва ўсіх межах тваіх сем дзён. З мяса, якое будзе складзена ў ахвяру вечарам, у першы дзень, нічога няхай не застанецца праз ноч да раніцы.5Ня можаш складаць ахвяру Пасхі ў нейкай з брамаў тваіх, якія дае табе ГОСПАД, Бог твой,6але толькі ў тым месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб было там імя Ягонае, складзеш ахвяру Пасхі ўвечары пры захадзе сонца ў той самы час, калі выйшаў ты з Эгіпту.7І сьпячэш, і і будзеш есьці ў тым месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой; а раніцаю ўстанеш і вернешся ў намёты свае.8Шэсьць дзён будзеш есьці праснакі, а на сёмы дзень будзе ўрачысты сход на [ўшанаваньне] ГОСПАДА, Бога твайго, ня будзеш рабіць [аніякай] працы.9Адлічыш сабе сем тыдняў ад таго [дня], калі серп пачне [жаць] збожжа,10і будзеш сьвяткаваць сьвята Тыдняў на ўшанаваньне ГОСПАДА, Бога твайго, са шчодрымі дабраахвотнымі ахвярамі, якія ты дасі паводле таго, як дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой.11І будзеш весяліцца перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, і ты, і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служка твая, і лявіт, які ў брамах тваіх, і прыхадзень, і сірата, і ўдава, якія з табою ў месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб там было імя Ягонае.12І памятай, што ты быў нявольнікам у Эгіпце, і будзеш захоўваць і выконваць пастановы гэтыя.13Будзеш сьвяткаваць сьвята Намётаў сем дзён пасьля збору пладоў з току твайго і тоўчні тваёй.14І будзеш весяліцца ў сьвята тваё ты, і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служка твая, і лявіт, і прыхадзень, і сірата, і ўдава, якія ў брамах тваіх.15Сем дзён будзеш сьвяткаваць [сьвяты] ГОСПАДУ, Богу твайму, у месцы, якое выбраў ГОСПАД; бо будзе дабраслаўляць цябе ГОСПАД, Бог твой, у-ва ўсіх пладах тваіх і ў-ва ўсякай працы рук тваіх, і будзеш поўны радасьці.16Тры разы ў год няхай зьявіцца кожны мужчына твой перад аблічча ГОСПАДА, Бога твайго, у месцы, якое Ён выбраў: на сьвята Праснакоў, на сьвята Тыдняў і на сьвята Намётаў. І [ніхто] няхай не прыходзіць перад аблічча ГОСПАДА з пустымі [рукамі].17Кожны няхай [прынясе] дар рукі сваёй паводле дабраславенства ГОСПАДА, Бога твайго, якое Ён дасьць табе.18Паставіш судзьдзяў і загадчыкаў працы ў-ва ўсіх брамах тваіх, якія дае табе ГОСПАД, Бог твой, для ўсіх каленаў тваіх, і будуць судзіць народ судом праведным.19Не крыві суду. Не глядзі на аблічча і не бяры падарункі, бо падарунак засьляпляе вочы мудрым і перакручвае словы праведных.20Да праведнасьці, да праведнасьці імкніся, каб ты жыў і ўспадкаеміў зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой.21Не садзі сабе гаёў з дрэваў каля ахвярніка ГОСПАДА, Бога твайго, які збудуеш сабе.22Ня стаў сабе слупы, якія ненавідзіць ГОСПАД, Бог твой.