ДЗЕІ20bel_jfc
1А калі сьціхла замяшаньне, Павал, паклікаўшы вучняў і разьвітаўшыся, пайшоў, каб ісьці ў Македонію.2Прайшоўшы ж тыя краіны і многімі словамі падбадзёрыўшы іх, прыйшоў у Грэцыю.3І прабыўшы тры месяцы, калі сталася змова супраць яго ў Юдэяў, вырушыў у Сірыю, і прыйшла яму думка вярнуцца праз Македонію.4А праводзілі яго да Азіі Сапатэр з Бэрэі, а з Тэсалонцаў — Арыстарх, і Сэкунд, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з Азійцаў — Тыхік і Трафім.5Яны, апярэдзіўшы, чакалі на нас у Траадзе.6А мы паплылі былі пасьля дзён праснакоў з Філіпаў і праз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе былі сем дзён.7А ў першы дзень пасьля суботы, калі вучні сабраліся пераламіць хлеб, Павал вёў гутарку з імі, маючы на заўтра выйсьці, і зацягнуў слова да паўночы.8Было ж даволі лямпаў у залі, дзе яны сабраліся.9А нейкі юнак, на імя Эўтых, які сядзеў на вакне і глыбока заснуў, як Павал доўга вёў гутарку, змораны ў сьне, упаў з трэцяга паверху ўніз і быў падняты мёртвы.10Павал жа, зыйшоўшы, упаў да яго і, абняўшы, сказаў: «Не хвалюйцеся, бо душа ягоная ў ім».11І, узыйшоўшы і пераламіўшы хлеб, і пакаштаваўшы, гутарыў даволі аж да сьвітаньня, і гэтак пайшоў.12А хлопца таго прывялі жывога і ўсьцешыліся нямала.13А мы, пайшоўшы наперад да карабля, вырушылі ў Ас, маючы забраць адтуль Паўла, бо гэтак ён загадаў, маючы сам ісьці пехатою.14Калі ж ён зыйшоўся з намі ў Асе, узяўшы яго, мы прыйшлі ў Мітылену.15Паплыўшы адтуль, мы назаўтра былі насупраць Хіёса, а на наступны дзень прысталі да Самосу і, пабыўшы ў Трагільлі, наступнага дня прыйшлі ў Мілет,16бо Павал судзіў абмінуць Эфэс, каб не губляць часу ў Азіі, бо ён сьпяшаўся быць, калі магчыма, у дзень Пяцідзясятніцы ў Ерусаліме.17А з Мілету, паслаўшы ў Эфэс, ён паклікаў старостаў царквы.18Калі ж яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: «Вы ведаеце, як я ад першага дня, у які прыйшоў у Азію, увесь час быў з вамі,19служачы Госпаду з усёй пакораю і з многімі сьлязьмі і спакусамі, якія здараліся са мною ад змоваў Юдэйскіх,20як не абмінуў я нічога карыснага, каб не абвясьціць вам і не навучаць вас перад грамадою і па дамах,21сьведчачы і Юдэям, і Грэкам пра навяртаньне да Бога і пра веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.22І вось цяпер, зьвязаны Духам, іду я ў Ерусалім, ня ведаючы, што там сустрэне мяне,23адно Дух Сьвяты сьведчыць па гарадах, кажучы, што чакаюць мяне путы і прыгнёт.24Але я аніяк не зважаю на гэта і ня дбаю пра сваё жыцьцё, абы толькі ў радасьці скончыць бег мой і служэньне, якое атрымаў ад Госпада Ісуса — сьведчыць пра Эвангельле ласкі Божае.25І цяпер вось ведаю, што больш ня ўгледзіце аблічча майго вы ўсе, сярод якіх я хадзіў, абвяшчаючы Валадарства Божае.26Дзеля гэтага сьведчу вам у сёньняшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх,27бо не ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.28Дык сьцеражыце самі сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас за епіскапаў пасьвіць царкву Божую, якую Ён здабыў уласнай крывёю.29Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго прыйдуць да вас ваўкі лютыя, якія ня будуць шкадаваць статак,30і спасярод вас саміх паўстануць людзі, якія будуць гаварыць сапсавана, каб пацягнуць вучняў за сабою.31Дзеля гэтага чувайце, памятаючы, што я тры гады ўдзень і ўначы не пераставаў са сьлязьмі настаўляць кожнага з вас.32І цяпер я аддаю вас, браты, Богу і слову ласкі Ягонае, што можа збудаваць і даць вам спадчыну з усімі, хто асьвечаны.33Ані срэбра, ані золата, ані адзеньня я ні ад каго не жадаў.34Вы ж самі ведаеце, што ў патрэбах маіх і тых, што былі са мною, паслугавалі рукі гэтыя.35У-ва ўсім перасьцерагаў я вас, што, гэтак працуючы, мусім падтрымліваць нядужых і памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён сказаў: “Шчасьлівей даваць, чым браць”».36І, сказаўшы гэтае і ўкленчыўшы, ён маліўся з імі ўсімі.37Стаўся ж вялікі плач ва ўсіх, і, кідаючыся на шыю яму, цалавалі яго,38сумуючы найбольш дзеля слова, якое ён сказаў, што ўжо больш ня будуць бачыць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.