ДЗЕІ14bel_njo
1Сталася ж у Іконіі, што ўвайшлі яны разам у сынагогу Юдэйскую і гаварылі гэтак, што паверыла вялікае мноства Юдэяў і Грэкаў.2А Юдэі, якія ня верылі, паднялі і раз’юшылі супраць братоў душы паганаў.3Аднак яны былі там даволі часу, адважна гаворачы пра Госпада, Які сьведчыў пра слова ласкі Сваёй і чыніў знакі і цуды праз рукі іхнія.4І падзялілася мноства ў горадзе, і адны былі з Юдэямі, а другія — з апосталамі.5А калі пагане і Юдэі з начальнікамі сваімі намерваліся зьняважыць і ўкаменаваць іх,6яны, даведаўшыся, уцяклі ў гарады Лікаонскія Лістру і Дэрбу, і ў ваколіцу,7і былі там, дабравесьцячы.8І нейкі чалавек у Лістры, немачны на ногі, сядзеў, бо ад чэрава маці сваёй быў кульгавы і ніколі не хадзіў.9Ён слухаў Паўла, які гаварыў, і той, глянуўшы на яго і бачачы, што ён мае веру дзеля збаўленьня,10сказаў моцным голасам: «Стань на ногі твае проста!» І ён падскочыў, і хадзіў.11А натоўп, бачачы, што зрабіў Павал, падняў голас свой, кажучы па-лікаонску: «Богі, падобныя да людзей, зыйшлі да нас!»12І называлі Барнабу Зэўсам, а Паўла — Гермэсам, бо ён быў правадыром у слове.13А сьвятар Зэўса, што стаяў перад горадам іхнім, прывёўшы валоў з вянкамі да брамаў, хацеў разам з натоўпам закалоць іх [у ахвяру].14Апосталы ж Барнаба і Павал, пачуўшы [пра гэта], разьдзёршы адзеньне сваё, кінуліся ў натоўп, крычучы і кажучы:15«Мужы! Што вы гэта робіце? І мы падобныя да вас людзі, якія дабравесьцім вам, каб адвярнуліся ад гэтых марнасьцяў да Бога Жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх,16Які ў мінулых пакаленьнях пакінуў усе народы хадзіць сваімі шляхамі,17ды не пакінуў сьведчыць пра Сябе, робячы дабро, даючы нам з неба дажджы і поры ўраджайныя, напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя!»18І, гаворачы гэтае, ледзь супакоілі натоўп, каб не заколвалі [ахвяры] для іх.19А з Антыёхіі і Іконіі прыйшлі Юдэі і, намовіўшы народ і ўкаменаваўшы Паўла, вывалаклі яго за горад, думаючы, што ён памёр.20Калі ж акружылі яго вучні, ён, устаўшы, увайшоў у горад і на заўтра выйшаў з Барнабам у Дэрбу.21І дабравесьціўшы гэтаму гораду, і навучыўшы многіх, яны вярнуліся ў Лістру і Іконію, і Антыёхію,22умацоўваючы душы вучняў, просячы трываць у веры і што праз шмат мукаў мусім мы ўвайсьці ў Валадарства Божае.23А рукапаклаўшы ім старостаў у кожнай царкве, яны, памаліўшыся з постам, даручылі іх Госпаду, у Якога яны паверылі.24І, прайшоўшы праз Пісыдыю, прыйшлі ў Памфілію.25І, прамовіўшы слова ў Пэргіі, зыйшлі ў Аталію.26Адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзеныя ласцы Божай на справу, якую выканалі.27Прыйшоўшы і сабраўшы царкву, яны расказалі, што ўчыніў з імі Бог і як расчыніў дзьверы веры паганам.28І былі яны там немалы час з вучнямі.