ДЗЕІ13bel_jfc
1Былі ж у Антыёхіі, у тамтэйшай царкве, некаторыя прарокі і настаўнікі: і Барнаба, і Сымон, называны Нігер, і Луцый Кірэнэец, і Манаэн, што гадаваўся разам з Ірадам тэтрархам, і Саўл.2А калі яны спраўлялі служэньне Госпаду і посьцілі, сказаў Дух Сьвяты: «Аддзяліце Мне Барнабу і Саўла на справу, на якую Я паклікаў іх».3Тады яны, посьцячы і молячыся, і ўскладаючы на іх рукі, адпусьцілі іх.4Тыя ж, выпраўленыя Духам Сьвятым, прыйшлі ў Сэлеўкію, і адтуль паплылі на Кіпр.5І, апынуўшыся ў Саляміне, прапаведвалі слова Божае ў сынагогах Юдэйскіх; а мелі яны Яна за паслугача.6Прайшоўшы ж востраў да Пафа, знайшлі нейкага чараўніка, фальшывага прарока, Юдэя, на імя Бар-Ісус,7які быў у праконсула Сяргея Паўла, мужа разумнага. Той, паклікаўшы Барнабу і Саўла, шукаў слухаць слова Божае.8а чараўнік Эліма, бо так перакладаецца імя ягонае, супрацьстаяў ім, шукаючы адвярнуць праконсула ад веры.9А Саўл, ён жа Павал, напоўніўшыся Духам Сьвятым і ўглядаючыся на яго,10сказаў: «О, сыне д’ябла, поўны ўсякае падступнасьці і ўсякай ліхоты, вораг усякае праведнасьці! Ці не перастанеш ты крывіць простыя шляхі Госпада?11І вось цяпер рука Госпада над табою, і будзеш ты сьляпы, ня бачачы сонца да часу». І адразу зыйшлі на яго змрок і цемра, і ён, блукаючыся, шукаў, хто б яго вёў за руку.12Тады праконсул, убачыўшы, што сталася, паверыў, дзівячыся вучэньню Госпада.13А тыя, што з Паўлам, выйшаўшы з Пафу, прыйшлі ў Пэргію ў Памфіліі. Ян жа, адыйшоўшы ад іх, вярнуўся ў Ерусалім.14А яны, прайшоўшы Пэргію, прыйшлі ў Антыёхію Пісідзкую і, увайшоўшы ў сынагогу ў дзень суботы, паселі.15А пасьля чытаньня Закону і Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі да іх, кажучы: «Мужы браты! Калі ёсьць у вас слова пацяшэньня для народу, кажыце».16Павал жа, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: «Мужы Ізраільцяне і тыя, хто баіцца Бога, паслухайце!17Бог народу гэтага, Ізраіля, выбраў бацькоў нашых, і ўзьвялічыў народ, калі яны былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай, і ўзьнятым рамяном вывеў іх з яе,18і на працягу сарака гадоў зносіў іх у пустыні,19і, зьнішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаан, даў ім на ўласнасьць зямлю іхнюю.20І пасьля гэтага каля чатырохсот і пяцідзесяці гадоў даваў судзьдзяў да Самуэля прарока.21У той час прасілі яны валадара; і даў ім Бог Саўла, сына Кісавага, мужа з калена Бэн’яміна, гадоў на сорак.22І, адставіўшы яго, паставіў ім за валадара Давіда, пра якога і сказаў, сьведчачы: “Знайшоў Я Давіда, сына Есэя, мужа паводле сэрца Майго, які выканае ўсю волю Маю”.23З ягонага насеньня Бог паводле абяцаньня падняў Ізраілю Збаўцу Ісуса.24Перад абліччам прыйсьця Ягонага абвяшчаў Ян хрышчэньне навяртаньня ўсяму народу Ізраіля.25А калі Ян споўніў бег свой, ён сказаў: “За каго лічыце мяне? Ня я гэта, але, вось, ідзе за мною Той, Якому я ня варты разьвязаць сандалы на нагах”.26Мужы браты, сыны роду Абрагамавага і тыя сярод вас, якія Бога баяцца! Вам пасланае слова збаўленьня гэтага.27Бо жыхары Ерусаліму і начальнікі іхнія, не пазнаўшы Яго і асудзіўшы, споўнілі словы прарокаў, чытаныя кожную суботу,28і, не знайшоўшы ніякае сьмяротнае віны, прасілі Пілата, каб Ён быў забіты.29Калі ж зьдзейсьнілі ўсё, напісанае пра Яго, зьняўшы з дрэва, палажылі ў магілу.30Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых.31Ён шмат дзён зьяўляўся тым, якія прыйшлі з Ім з Галілеі ў Ерусалім і якія ёсьць сьведкамі Яго перад народам.32І мы вам дабравесьцім, што абяцаньне, дадзенае бацькам, Бог споўніў нам, іхнім дзецям, уваскрасіўшы Ісуса,33як і ў другім псальме напісана: “Ты — Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе”.34А што Ён уваскрасіў Яго з мёртвых, каб Той больш не вярнуўся ў парахненьне, Ён сказаў гэтак: “Дам вам сьвятасьці Давідавыя верныя”.35Дзеля гэтага і ў іншым [псальме] кажа: “Не дасі Сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне”.36Бо Давід, паслужыўшы ў сваім пакаленьні намеру Божаму, памёр і далучыўся да бацькоў сваіх, і ўбачыў парахненьне,37а Той, Каго Бог уваскрасіў, ня ўбачыў парахненьня.38Дык няхай будзе вядома вам, мужы браты, што праз Яго прапаведуецца вам адпушчэньне грахоў,39і ў-ва ўсім, у чым вы не маглі апраўдацца ў законе Майсеевым, у Ім апраўдваецца кожны, хто верыць.40Дык глядзіце, каб не прыйшло на вас сказанае ў прарокаў:41“Пабачце, вы, якія пагарджаеце, і зьдзівіцеся, і шчэзьніце, бо Я раблю справу ў дні вашыя, справу, якой вы не паверыце, калі хто распавядзе вам”».42Калі ж яны выходзілі з сынагогі Юдэйскае, прасілі іх пагане, каб і ў наступную суботу гаварылі словы гэтыя.43А як разыйшлася сынагога, шмат Юдэяў і пабожных празэлітаў пайшлі за Паўлам і Барнабам, якія, размаўляючы з імі, пераконвалі іх заставацца ў ласцы Божай.44А ў наступную суботу амаль увесь горад сабраўся слухаць слова Божае.45А Юдэі, убачыўшы натоўп, напоўніліся зайздрасьцю і працівіліся таму, што гаварыў Павал, пярэчачы і блюзьнячы.46А Павал і Барнаба, адважыўшыся, сказалі: «Да вас належала спачатку гаварыць слова Божае. А як вы адкідаеце яго і ня лічыце сябе вартымі жыцьця вечнага, вось, мы паварочваемся да паганаў.47Бо так загадаў нам Госпад: “Я паставіў цябе як сьвятло для паганаў, каб быў ты на збаўленьне да краю зямлі”».48А пагане, чуючы гэта, радаваліся і славілі слова Госпада, і паверылі ўсе, якія былі прызначаныя да жыцьця вечнага.49І разносілася слова Госпада праз усю краіну.50А Юдэі падбухторылі пабожных і паважаных жанчынаў, і першых [людзей] у горадзе, і паднялі перасьлед на Паўла і Барнабу, і выгналі іх з межаў сваіх.51Яны ж, абтросшы пыл з ног сваіх на іх, прыйшлі ў Іконію.52А вучні былі напоўненыя радасьцю і Духам Сьвятым.