2 САМУЭЛЯ22bel_jfc

1І прамовіў Давід словы гэтага сьпеву для ГОСПАДА ў дзень, калі вызваліў яго ГОСПАД з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла.2І ён сказаў: «ГОСПАД — скала мая і замчышча маё, Ён — Збаўца мой.3Бог мой, скала мая, у якой хаваюся, шчыт мой, рог збаўленьня майго! Ты — прыстанішча маё і Абаронца мой, Збаўца мой, ад гвалту Ты выз­валіў мяне.4Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і ад ворагаў маіх збаўлены буду.5Ахапілі мяне хвалі сьмерці, віры Бэліяла стрывожылі мяне,6путы пякельныя аплялі мяне, і пасткі сьмерці схапілі мяне.7У прыгнечаньні маім я клікаў ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. І Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой [дайшоў] да вушэй Ягоных.8І дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны нябесныя зварухнуліся і захісталіся, бо ўгня­віўся Ён.9Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных — агонь палючы; вугольле распальваецца ад Яго.10Нахіліў Ён нябёсы, і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі.11Ён сеў на херувіма, і паляцеў, і ўзьнёсься на крылах ветру.12І зрабіў цемру заслонай сабе, намёт Ягоны з цёмных водаў, з густых хмараў.13Ад бляску перад Ім загарэлася вугольле вогненнае.14І загрымеў у небе ГОСПАД, і Найвышэйшы падаў голас Свой.15І Ён пусьціў стрэлы Свае, і расьцярушыў іх, і мноствам маланак зьбянтэжыў іх.16І выявіліся глыбіні мора, і адкрыліся падваліны сусьвету ад пагрозаў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, і ад подыху духу гневу Твайго.17Паслаўшы з вышыні, Ён схапіў мяне, выцягнуў мяне з водаў вялікіх,18вызваліў мяне ад ворага майго моцнага, і ад тых, якія ненавідзяць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне.19Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД быў падпорай для мяне.20І Ён вывеў мяне на месца прасторнае, Ён выратаваў мяне, бо мне спагадае.21І даў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, паводле чыстасьці рук маіх мне аднагародзіў,22бо я захоўваў шляхі ГОС­ПАДА, і не адступаў бязбожна ад Бога майго.23Бо ўсе суды Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не ўхіляўся,24Я быў беззаганны перад Ім, і захоўваў сябе ад беззаконьня.25І аднагародзіў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, і паводле чыстасьці рук маіх перад вачыма Ягонымі.26З багабойным Ты будзеш багабойным, з чалавекам беззаганным будзеш беззаганны,27для чыстага сэрцам Ты чыс­ты сэрцам, а для крывадушнага Ты падступны,28бо людзей прыгнечаных Ты збаўляеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш.29Бо Ты, ГОСПАДЗЕ, — сьветач мой, ГОСПАД асьвятляе цемру маю.30Бо з Табою я атакую войска, і з Богам маім узыйду на муры.31Бог, беззаганны шлях Ягоны, слова ГОСПАДА [агнём] ачышчана, Ён — шчыт для ўсіх, хто ў Ім мае надзею.32Бо хто Бог, апрача ГОСПАДА? І хто скала, апрача Бога нашага?33Бог, Які падпярэзвае мяне сілаю і робіць беззаганным шлях мой.34Ён робіць ногі мае, як у аленя, і на вышыні ставіць мяне.35Ён навучае рукі мае для бітвы, і рамёны мае напінаюць лук мядзяны.36І ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і ласкавасьць Твая ўзьвялічвае мяне.37Ты пашырыў крокі мае, і не хісталіся ногі мае.38Я перасьледаваў ворагаў маіх, і даганяў іх, і не вяртаўся, пакуль ня зьнішчыў іх.39Я зьнішчыў іх так, што яны не маглі ўстаць і падалі пад ногі мае.40Ты падперазаў мяне сілай дзеля бітвы, і Ты паваліў перада мною тых, якія паўсталі суп­раць мяне.41Ты даў мне [бачыць] карак ворагаў маіх, і тых, што мяне ненавідзяць, я вынішчыў.42Яны галасілі, і не было таго, хто іх збавіць. Яны да ГОС­ПАДА, але Ён не адказаў ім.43Я стоўк іх як пыл зямлі, як балота на вуліцы я таптаў іх.44Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, паставіў мяне за галаву плямёнам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне.45Чуючы вушамі [пра мяне], яны слухаюцца мяне. Сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне.46Сыны чужынцаў млеюць і трымцяць у агароджах сваіх.47Жыве ГОСПАД, дабраслаўлёная скала мая, і няхай узвысіцца Бог збаўленьня майго.48Бог, Які адпомсьціў за мяне і схіліў народы перада мною,49Які выратаваў мяне ад ворагаў маіх, і ўзвысіў мяне па-над тымі, што паўсталі супраць мяне, ад чалавека злачыннага вызваліў мяне.50Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў, і буду імя Тваё выслаўляць,51бо Ты ўзьвялічыў збаўленьнем валадара Твайго і зьявіў міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню ягонаму на вякі».