2 ВАЛАДАРОЎ14bel_jfc

1У другім годзе Егааша, сына Егаахаза, валадара Ізраіля, Амазія, сын Ёаша, стаў валадаром Юды.2Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі пачаў валадарыць, і дваццаць дзевяць гадоў быў валадаром у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Егааддан з Ерусаліму.3І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, але ня так, як Давід, бацька ягоны, і рабіў ён усё так, як Ёаш, бацька ягоны.4Толькі ўзгоркі не былі зьніш­чаныя, і народ складаў ахвяры, і кадзіў на ўзгорках.5І калі ўмацаваў ён валадараньне сваё ў руцэ сваёй, ён забіў слугаў сваіх, якія забілі валадара, бацьку ягонага.6Але сыноў іхніх не забіваў паводле таго, што напісана ў Кнізе Закону Майсея, як загадаў ГОСПАД, кажучы: «Бацькі ня будуць забіваныя за сыноў, а сыны ня будуць забіваныя за бацькоў, але кожны за грэх свой сьмерцю памрэ».7Ён пабіў дзесяць тысячаў Эдомцаў у Саляной Даліне і захапіў Сэлю ў бітве, і назваў імя яе Ёктээль, і так ёсьць да сёньня.8Тады паслаў Амазія пасланцоў да Егааша, сына Егаахаза, сына Егу, валадара Ізраіля, кажучы: «Прыйдзі і пабачым абліччы [адзін аднаго]!»9І паслаў Егааш, валадар Ізраіля, Амазіі, валадару Юды, кажучы: «Цярніна на Лібане паслала да кедра на Лібане, кажучы: “Дай дачку сваю сыну майму за жонку”. Але прыйшлі зьвяры палявыя, якія на Лібане, і вытапталі цярніну.10Ты пабіў Эдома, і сэрца тваё ўзганарылася. Будзь сабе слаўны, але заставайся ў доме тваім! Навошта ты выклікаеш ліха, каб упаў ты і Юда з табою?»11Але Амазія не паслухаў. І выйшаў Егааш, валадар Ізра­іля, і ён і Амазія, валадар Юды, пабачылі абліччы [адзін аднаго] ў Бэт-Шэмэшы, які ў Юдзе.12І Юда быў пабіты Ізраілем, і ўцёк кожны ў намёт свой.13І Егааш, валадар Ізраіля, схапіў Амазію, валадара Юды, сына Ёаша, сына Ахазіі, у Бэт-Шэмэшы, і завёў яго ў Ерусалім, і зрабіў вылом у муры Ерусаліму ад брамы Эфраіма аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў14і забраў усё золата і срэбра, і ўсе рэчы, якія знаходзіліся ў Доме ГОСПАДА і ў скарбніцах дому валадара, і [ўзяў] закладнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.15А іншыя дзеяньні Егааша, і мужнасьць ягоная, з якою ваяваў ён супраць Амазіі, валадара Юды, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.16І супачыў Егааш з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі з валадарамі Ізраіля. І стаў валадаром пасьля яго Ерабаам, сын ягоны.17А Амазія, сын Ёаша, валадар Юды, жыў яшчэ пятнаццаць гадоў пасьля сьмерці Егааша, сына Егаахаза, валадара Ізраіля.18А іншыя дзеяньні Амазіі запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.19І зрабілі супраць яго змову ў Ерусаліме, і ён уцёк у Ляхіш. І паслалі за ім у Ляхіш, і там забілі яго.20І прывезьлі яго коньмі, і быў ён пахаваны ў Ерусаліме з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда.21А ўвесь народ Юды ўзяў Азарыю, які меў шаснаццаць гадоў, і паставілі яго валадаром на месца Амазіі, бацькі ягонага.22Ён адбудаваў Элят і вярнуў яго Юдзе пасьля таго, як супачыў валадар [Амазія] з бацькамі сваімі.23У пятнаццатым годзе Амазіі, сына Ёаша, валадара Юды, Ерабаам, сын Егааша, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на сорак адзін год.24І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адвярнуўся ад усіх грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.25Ён вярнуў межы Ізраіля ад уваходу ў Хамат і аж да мора Арабы паводле слова ГОСПАДА, Бога Ізраіля, якое Ён прамовіў праз слугу Свайго Ёну, сына Амітая, прарока, які быў з Гат-Гахэфэру.26Бо бачыў ГОСПАД горкую нядолю Ізраіля, бо не было ані нявольніка, ані вольнага, хто б дапамог Ізраілю.27І не прамовіў ГОСПАД, каб выкараніць імя Ізраіля з-пад неба, і выратаваў яго рукою Ерабаама, сына Егааша.28А іншыя дзеяньні Ерабаама, і мужнасьць ягоная, з якой ён ваяваў і з якою вярнуў Ізраілю Дамаск і Хамат Юдэйскі, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.29І супачыў Ерабаам з бацькамі сваімі, валадарамі Ізраіля, і стаў валадаром пасьля яго Захарыя, сын ягоны.