2 КАРЫНЬЦЯНАЎ5bel_jfc
1Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, хаціна, зруйнуецца, мы маем пабудову ад Бога, дом, які не рукамі зроблены, вечны ў небе.2Бо дзеля гэтага мы і ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нашае жытло з неба,3каб мы знайшлі сябе апранутымі, а ня голымі.4Бо мы, знаходзячыся ў хаціне, уздыхаем пад цяжарам, бо ня хочам пазбыцца [яе], але апрануцца, каб сьмяротнае ахоплена было жыцьцём.5На гэта самае і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа.6Дык мы заўсёды маем пэўнасьць і ведаем, што, жывучы ў целе, жывем па-за Госпадам.7Бо мы ходзім вераю, а ня бачаньнем.8Дык мы маем пэўнасьць і жадаем лепей жыць па-за целам і жыць у Госпадзе.9Дзеля гэтага мы намагаемся, ці жывучы ў Ім, ці па-за Ім, быць даспадобы Яму.10Бо ўсе мы мусім зьявіцца перад судовы пасад Хрыста, каб кожны атрымаў за тое, што ён учыніў, будучы ў целе, ці добрае, ці благое.11Дык, ведаючы страх Госпадавы, мы пераконваем людзей, а для Бога мы яўныя, і спадзяюся, што і для вашых сумленьняў яўныя.12Бо мы не адрэкамэндоўваем сябе вам зноў, але даем вам нагоду хваліцца намі, каб мелі вы [адказ] для тых, якія хваляцца абліччам, а ня сэрцам.13Бо калі мы дзівачэем, дык дзеля Бога; калі пры розуме, дык дзеля вас.14Бо любоў Хрыстова панукае нас, якія гэтак пастанавілі, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.15І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, якія жывуць, больш не дзеля сябе жылі, але дзеля Таго, Які памёр за іх і ўваскрос.16Так што мы адгэтуль нікога ня ведаем паводле цела; а калі і ведалі Хрыста паводле цела, дык цяпер ужо ня ведаем.17Так што хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старое мінула, вось, сталася ўсё новае.18Усё ж ад Бога, Які праз Ісуса Хрыста пагадзіў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня.19Бо Бог быў у Хрысьце, пагаджаючы з Сабою сьвет, не залічваючы ім праступкаў іхніх, і ўклаў у нас слова прымірэньня.20Дык мы спаўняем пасольства замест Хрыста, як бы Сам Бог просіць праз нас; за Хрыста просім: «Пагадзіцеся з Богам».21Бо Таго, Які грэху ня ведаў, Ён зрабіў за нас грэхам, каб мы ў Ім сталіся праведнасьцю Божай.