2 ЛЕТАПІСАЎ6bel_jfc
1Тады сказаў Салямон: «ГОСПАД сказаў, што Ён жыве ў імгле.2А я пабудаваў Дом на пражываньне Табе і месца знаходжаньня Твайго на вякі».3І павярнуў валадар аблічча сваё, і дабраславіў усю царкву Ізраіля, а ўся царква стаяла.4І ён сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які гаварыў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, і выканаў [гэта] рукамі Сваімі, кажучы:5“Ад дня, у які Я вывеў народ Мой з зямлі Эгіпецкай, Я ня выбраў гораду з усіх каленаў Ізраіля, каб пабудаваць дом, у якім было б імя Маё, і ня выбраў чалавека, які быў бы начальнікам народу Майго, Ізраіля,6але Я выбраў Ерусалім, каб там было імя Маё, і выбраў Давіда, каб ён быў над народам Маім, Ізраілем”.7І было на сэрцы ў Давіда, бацькі майго, пабудаваць Дом для ГОСПАДА, Бога Ізраіля.8І ГОСПАД сказаў Давіду, бацьку майму: “Тое, што было на сэрцы тваім, каб пабудаваць Дом для імя Майго, добра ты зрабіў, што гэта ў сэрцы тваім.9Толькі ты не пабудуеш Дом, але сын твой, які выйдзе са сьцёгнаў тваіх, ён пабудуе Дом для імя Майго”.10І споўніў ГОСПАД слова Сваё, якое прамовіў, і я стаў на месца Давіда, бацькі майго, і сеў на пасадзе Ізраіля, як сказаў ГОСПАД, і пабудаваў Дом для імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля.11І я паставіў там Каўчэг, у якім запавет ГОСПАДА, які заключыў Ён з сынамі Ізраіля».12І стаў ён перад ахвярнікам ГОСПАДА насупраць усёй царквы Ізраіля, і выцягнуў рукі свае,13бо Салямон зрабіў амбону мядзяную і паставіў яе сярод панадворку; даўжыня ейная пяць локцяў, і шырыня ейная пяць локцяў, і вышыня ейная тры локці. І ён стаў на ёй, і ўпаў на калені свае насупраць усёй царквы, і выцягнуў рукі свае да неба,14і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля! Няма Бога, падобнага да Цябе, ані ў небе, ані на зямлі. Ты захоўваеш запавет і міласэрнасьць да слугаў Тваіх, якія ходзяць перад абліччам Тваім усім сэрцам сваім.15Ты споўніў слузе Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты сказаў яму; што сказаў Ты вуснамі Тваімі, тое ў дзень гэты споўніў рукою Тваёй.16І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, споўні слузе Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты сказаў яму, кажучы: “Ня будзе забраны ў цябе муж перад абліччам Маім, які сядзіць на пасадзе Ізраіля, калі толькі сыны твае будуць захоўваць шляхі свае, каб хадзіць паводле закону Майго так, як ты хадзіў перад абліччам Маім”.17І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, няхай будзе зьдзейсьнена слова Тваё, якое Ты сказаў слузе Твайму Давіду.18Бо, сапраўды, ці Бог будзе жыць з чалавекам на зямлі? Калі неба і нябёсы нябёсаў ня могуць агарнуць Цябе, тым менш [можа] Дом гэты, які я пабудаваў.19Але ўзглянь на малітву слугі Твайго і на маленьне ягонае, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Пачуй кліканьне і малітву, якімі слуга Твой моліцца перад абліччам Тваім.20Няхай будуць вочы Твае адчыненыя на Дом гэты ўдзень і ўначы, на месца, пра якое Ты сказаў, што імя Тваё пакладзеш там, каб чуць малітву, якою слуга Твой будзе маліцца на месцы гэтым.21І Ты пачуй маленьні слугі Твайго і народу Твайго Ізраіля, якімі яны будуць маліцца на месцы гэтым, пачуй з месца знаходжаньня Твайго, з нябёсаў, пачуй і прабач!22Калі саграшыць чалавек супраць бліжняга свайго, і будуць вымагаць ад яго прысягі, каб ён прысягнуў, і будзе адбывацца прысяга перад ахвярнікам Тваім у Доме гэтым,23Ты пачуй з неба, і зрабі, і судзі слугаў Тваіх, зьвяртаючы бязбожнаму, каб прыйшоў шлях ягоны на галаву ягоную, і апраўдваючы праведнага, даючы яму паводле праведнасьці ягонай.24Калі народ Твой Ізраіль будзе пабіты перад абліччам ворага, бо ён саграшыў перад Табою, і яны навернуцца, і будуць славіць імя Тваё, і будуць маліцца, і будуць прасіць перад абліччам Тваім у Доме гэтым,25Ты пачуй з неба, і прабач грэх народу Твайго Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў ім і бацькам іхнім.26Калі будзе замкнутае неба і ня будзе дажджу за тое, што яны саграшылі перад Табою, і будуць яны маліцца на месцы гэтым, і будуць славіць імя Тваё, і адвернуцца ад грахоў сваіх, бо Ты пакараў іх,27Ты пачуй з неба і прабач грэх слугаў тваіх і народу Твайго Ізраіля, навучыўшы іх шляху добраму, па якім яны будуць ісьці, і пашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну.28Калі будзе голад на зямлі, або будзе пошасьць, або будзе суша, або іржа, саранча або чэрві, або будуць прыгнятаць яго ворагі ягоныя ў зямлі, дзе брамы ягоныя, [або будзе] якая бяда ці якая хвароба,29кожную малітву, кожнае маленьне, якое будзе ад нейкага чалавека альбо ад усяго народу Твайго Ізраіля, калі кожны з іх адчуе бяду сваю і гора сваё, і яны выцягнуць далоні свае да Дому гэтага,30Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і прабач, і дай кожнаму паводле ўсіх шляхоў ягоных, бо Ты ведаеш сэрца ягонае, бо толькі Ты ў сэрцы Тваім ведаеш сэрцы сыноў чалавечых,31каб яны баяліся Цябе і хадзілі шляхамі Тваімі ўсе дні, у якія жывуць яны на абліччы зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.32І таксама чужынец, які не з народу Твайго Ізраіля, калі ён прыйдзе з зямлі далёкай дзеля імя Твайго вялікага, і рукі Тваёй магутнай, і рамяна Твайго ўзьнятага, і прыйдзе, і будзе маліцца ў Доме гэтым,33Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і зрабі ўсё, пра што будзе клікаць да Цябе чужынец, каб пазналі ўсе народы зямлі імя Тваё і каб баяліся Цябе, як народ Твой, Ізраіль, каб ведалі, што імя Тваё заклікаецца над Домам гэтым, які я пабудаваў.34Калі выйдзе народ Твой на вайну супраць ворагаў сваіх шляхам, якім Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Табе ў накірунку гораду гэтага, які Ты абраў, і Дому, які я пабудаваў для імя Твайго,35Ты пачуй з неба малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх.36Калі яны саграшаць перад Табою, бо няма чалавека, які не саграшыў бы, і Ты загневаешся на іх, і аддасі іх ворагам, і яны возьмуць іх у няволю ў зямлю далёкую або блізкую,37і калі яны схамянуцца ў сэрцы сваім у зямлі, у якую будуць палонены, і навернуцца, і будуць прасіць Цябе ў зямлі няволі сваёй, кажучы: “Мы саграшылі, правініліся і былі бязбожнікамі”,38і навернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй у зямлі няволі сваёй, у якой яны палонены, і будуць маліцца ў накірунку зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, і гораду гэтага, які Ты абраў, і Дому, які я пабудаваў для імя Твайго,39Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх, і прабач народу Твайму, які саграшыў перад Табою.40Цяпер, Божа мой, няхай будуць вочы Твае адчыненыя і вушы Твае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым.41І цяпер, ГОСПАДЗЕ Божа, стань на [месца] супачынку Твайго, Ты і Каўчэг моцы Тваёй. Сьвятары Твае, ГОСПАДЗЕ Божа, няхай апрануцца ў збаўленьне, і сьвятыя Твае няхай радуюцца добраму.42ГОСПАДЗЕ Божа! Не адвярні аблічча ад памазанца Твайго, узгадай пра міласэрнасьць для Давіда, слугі Твайго».