2 ЛЕТАПІСАЎ32bel_jfc

1Пасьля падзеяў гэтых і праўды гэтай, прыйшоў Сэнахерыў, валадар Асірыі, і ўвайшоў у Юду, і паставіў [намёты] супраць гарадоў умацаваных, і гаварыў, што здабудзе іх для сябе.2І ўбачыў Эзэкія, што прыйшоў Сэнахерыў, і аблічча ягонае, каб ваяваць супраць Ерусаліму.3І радзіўся ён з князямі сваімі і з волатамі сваімі, каб спыніць ваду крыніцаў, якія звонку гораду; і яны дапамаглі яму.4І сабралася шмат народу, і яны спынілі ўсе крыніцы і ручай, які цячэ пасярод зямлі, кажучы: «Навошта, прыйшоўшы, валадары Асірыі маюць знайсьці шмат вады?»5І ўмацаваўся [Эзэкія], і адбудаваў увесь разбураны мур, і падняў яго да вежаў, і другі мур звонку, і ўмацаваў Міло ў горадзе Давіда, і зрабіў шмат зброі і шчытоў.6І паставіў начальнікаў вайсковых над народам, і сабраў іх да сябе на плошчы каля брамы гораду, і прамовіў да сэрца іхняга, кажучы:7«Будзьце цвёрдыя і мужныя, ня бойцеся і не палохайцеся аблічча валадара Асірыі і аблічча ўсяго мноства, якое з ім, бо [Той, Хто] з намі, большы, чым [тыя, хто] з ім.8З ім рамяно цялеснае, а з намі ГОСПАД, Бог наш, каб дапамагаць нам і ваяваць у войнах нашых». І абаперся народ на словы Эзэкіі, валадара Юды.9Пасьля гэтага Сэнахерыў, валадар Асірыі, паслаў слугаў сваіх у Ерусалім, а сам ён быў пад Ляхішам, і ўся сіла ягоная з ім, да Эзэкіі, валадара Юды, і да ўсяго Юды, які ў Ерусаліме, кажучы:10«Гэта кажа Сэнахерыў, валадар Асірыі. На што вы спадзеяцёся і сядзіце ў аблозе ў Ерусаліме?11Няхай не падманвае вас Эзэкія, каб аддаць вас на сьмерць ад голаду і смагі, кажучы: “ГОСПАД, Бог наш, выратуе нас ад рукі валадара Асірыі”.12Ці ня ён, Эзэкія, прыбраў узгоркі Ягоныя і ахвярнікі Ягоныя і сказаў Юдзе і Ерусаліму, кажучы: “Перад адным ахвярнікам будзеце пакланяцца і на ім будзеце кадзіць”?13Ці ж вы ня ведаеце, што зрабіў я і бацькі мае ўсім народам земляў гэтых? Ці сапраўды маглі богі народаў земляў гэтых выратаваць зямлю іхнюю ад рукі маёй?14Хто з усіх багоў народаў гэтых, якіх зрабілі закляцьцем бацькі мае, змог выратаваць народ свой ад рукі маёй? Як жа зможа Бог ваш выратаваць вас ад рукі маёй?15І цяпер, няхай не падманвае вас Эзэкія і не ашуквае вас такім чынам, і ня верце яму, бо ня мог ніводзін бог ніводнага народу і валадарства выратаваць народ свой ад рукі маёй і ад рукі бацькоў маіх. Таксама Бог ваш ня выратуе вас ад рукі маёй».16І яшчэ прамаўлялі слугі ягоныя супраць ГОСПАДА Бога і супраць Эзэкіі, слугі Ягонага.17І лісты пісаў [Сэнахерыў], каб зьневажаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, і гаварыў суп- раць Яго, кажучы: «Як богі народаў земляў гэтых ня выратавалі народаў сваіх ад рукі маёй, так Бог Эзэкіі ня выратуе народ Свой ад рукі маёй».18І крычалі яны голасам вялікім па-юдэйску да народу Ерусаліму, які [быў] на мурах, каб настрашыць яго, і напалохаць яго, і здабыць горад.19І гаварылі яны пра Бога Ерусаліму, як пра багоў народаў зямлі, выраб рук чалавечых.20І маліўся пра гэта валадар Эзэкія і Ісая, сын Амоса, і крычалі да неба.21І паслаў ГОСПАД анёла, і ён зьнішчыў мужных ваяроў, і правадыра, і табар валадара Асірыі. І ён вярнуўся з сорамам аблічча ў зямлю сваю. І ён прыйшоў у дом бога свайго, і тыя, што выйшлі з нутра ягонага, забілі там яго мячом.22І выратаваў ГОСПАД Эзэкію і жыхароў Ерусаліму ад рукі Сэнахерыва, валадара Асірыі, і ад рукі ўсіх; і вёў іх паўсюль.23І шмат [людзей] прыносіла дары ГОСПАДУ ў Ерусалім і каштоўныя рэчы Эзэкіі, валадару Юды. І ён пасьля гэтага ўзьвялічыўся ў вачах усіх народаў.24У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна. І маліўся ён да ГОСПАДА; і Ён адказаў яму, і даў яму знак.25Але не вярнуў Эзэкія [падзяку] паводле таго, што было зроблена яму, бо сэрца ягонае ўзганарылася. І быў гнеў [Божы] на яго, і на Юду, і на Ерусалім.26І ўпакорыў Эзэкія ганарыстасьць сэрца свайго, ён і жыхары Ерусаліму, і не прыйшоў на іх гнеў ГОСПАДА ў дні Эзэкіі.27І было ў Эзэкіі багацьця і славы вельмі шмат; і ён зрабіў сабе скарбніцу на срэбра і золата, і на камяні каштоўныя, і на пахошчы, і на шчыты, і на ўсялякія рэчы каштоўныя,28і сьвірны на ўраджай збожжа, віна і алею, і хлявы для ўсякай скаціны, і загародкі для чародаў.29І пабудаваў ён сабе гарады, і статкаў авечак і валоў [меў ён] мноства, бо даў яму Бог маёмасьць вельмі вялікую.30І ён, Эзэкія, спыніў верхні выхад водаў Гіхону і правёў іх уніз да заходняга боку гораду Давіда. І меў посьпех Эзэкія ў-ва ўсіх справах сваіх.31І толькі пры пасланцах князёў Бабілону, якіх яны паслалі да яго, каб даведацца пра цуд, які адбыўся ў зямлі [ягонай], Бог пакінуў яго, каб выспрабаваць яго, каб даведацца ўсё, што ў сэрцы ягоным.32А іншыя дзеяньні Эзэкіі, і дабрадзейства ягонае, вось, яны запісаныя ў відзежах Ісаі, сына Амоса, прарока, у Кнізе валадароў Юды і Ізраілю.33І супачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго вышэй магілаў сыноў Давіда, і ўшанавалі яго пасьля сьмерці ягонай увесь Юда і жыхары Ерусаліму. І пачаў валадарыць Манаса, сын ягоны, пасьля яго.