2 ЛЕТАПІСАЎ31bel_jfc
1І калі ўсё гэта скончылася, выйшаў увесь Ізраіль, які знаходзіўся [там], у гарады Юды, і пабілі слупы, і пасеклі астартаў, і разбурылі ўзвышшы і ахвярнікі ў-ва ўсім Юдзе і Бэн’яміне, у Эфраіме і Манасе, аж да канца. І вярнуліся ўсе сыны Ізраіля кожны да ўласнасьці сваёй, у горад свой.2І прызначыў Эзэкія чэргі сьвятароў і лявітаў паводле чэргаў іхніх, кожнага паводле служэньня ягонага, сьвятароў і лявітаў для цэласпаленьняў і для ахвяраў мірных, каб паслугавалі, славілі і хвалілі ў брамах табараў ГОСПАДА.3А частку валадара з маёмасьці ягонай [ён прызначыў] на цэласпаленьні, на цэласпаленьні раніцаю і ўвечары, і на цэласпаленьні ў суботы і ў маладзікі, і на ўрачыстыя сьвяты, як напісана ў Законе ГОСПАДА.4І сказаў народу, які жыў у Ерусаліме, каб давалі частку для сьвятароў і лявітаў, каб яны ўмацаваліся ў Законе ГОСПАДА.5І калі пашырылася слова гэтае, прынесьлі сыны Ізраіля пяршыны збожжа, і віна, і алею, і мёду, і ўсіх пладоў палявых; і прынесьлі яны шмат дзесяцінаў з усяго.6І сыны Ізраіля і Юды, якія жылі ў гарадах Юды, таксама прынесьлі дзесяціну валоў і авечак, і дзесяціну рэчаў сьвятых, пасьвячоных ГОСПАДУ, Богу іхняму, і налажылі купы купаў.7У трэці месяц пачалі класьці гэтыя купы, а ў сёмым месяцы скончылі.8І прыйшлі Эзэкія і князі, і ўбачылі купы гэтыя, і дабраславілі ГОСПАДА і народ Ягоны, Ізраіля.9І пытаўся Эзэкія сьвятароў і лявітаў пра купы гэтыя.10І сказаў яму Азарыя, найвышэйшы сьвятар з дому Цадока, і сказаў: «Ад таго часу, калі пачалі прыносіць дары ў Дом ГОСПАДА, мы елі і насыціліся, і засталося мноства, бо дабраславіў ГОСПАД народ Свой; і тое, што засталося — гэтае мноства вялікае».11І сказаў Эзэкія, каб падрыхтавалі каморы ў Доме ГОСПАДА, і падрыхтавалі [іх].12І верна перанесьлі [туды] дары, і дзесяціны, і рэчы сьвятыя; і над імі загадчыкам быў Кананія лявіт і Шымэй, брат ягоны, другім.13А Ехіэль, Азазія, Нахат, Асагэль, Ерымот, Ёзавад, Эліэль, Ісмахія, Махат і Бэная [былі] наглядчыкамі пад рукою Кананіі і Шымэя, брата ягонага, паводле загаду валадара Эзэкіі і Азарыі, начальніка над Домам Божым.14І Карэ, сын Імны, лявіт, прыдзьвернік з усходняга боку, [быў] над дарамі дабраахвотнымі для Бога, каб выдаваць [братам] дары ГОСПАДАВЫ і сьвятое сьвятых.15І пад рукой ягонай [былі] Эдэн, Мін’ямін, Ешуа, Шэмая, Амарыя і Шэханія ў гарадах сьвятарскіх, каб верна раздаваць [належнае] братам сваім паводле чаргі, як вялікаму, так і малому,16акрамя сьпісу іхняга, мужчын ад трох гадоў і вышэй, усім, хто ўваходзіць у Дом ГОСПАДА, на [выкананьне] слова дзень пры дні, на служэньне сваё паводле абавязкаў сваіх паводле чэргаў сваіх,17і ўнесеным у сьпіс сьвятарам, паводле дому бацькоў іхніх, і лявітам ад дваццаці гадоў і вышэй паводле абавязкаў іхніх і паводле чэргаў іхніх,18і ўнесеным у сьпіс з усімі дзецьмі іхнімі, жонкамі іхнімі, і сынамі іхнімі, і дочкамі іхнімі, з усёй царквой — усёй грамадзе, бо яны верна пасьвяціліся на сьвятое [служэньне].19А для сыноў Аарона, сьвятароў, [якія мелі] палі на пашах гарадоў іхніх, у-ва ўсіх гарадах [ён прызначыў] мужоў, якія названыя па імёнах, каб даваць часткі ўсім мужчынам сярод сьвятароў і ўсім лявітам, унесеным у сьпіс.20І зрабіў гэтак Эзэкія ў-ва ўсім Юдзе, і рабіў ён тое, што добрае, слушнае і праўдзівае перад абліччам ГОСПАДА, Бога свайго.21І ў-ва ўсёй працы, якую ён пачынаў, і ў служэнні Дому Божага, і ў [выкананьні] Закону і прыказаньняў, каб шукаць Бога свайго, ён рабіў з усяго сэрца свайго, і меў посьпех.