2 ЛЕТАПІСАЎ14bel_jfc
1І супачыў Абія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда. І заваладарыў Аса, сын ягоны, пасьля яго. У дні ягоныя была ў супакоі зямля дзесяць гадоў.2І рабіў Аса добрае і слушнае ў вачах ГОСПАДА, Бога свайго.3І прыбраў ён ахвярнікі чужых [багоў], і ўзгоркі, і разьбіў слупы, і пасьсякаў [сьвятыя] гаі.4І сказаў да Юды, каб шукалі ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і выконвалі Закон і прыказаньні.5І прыбраў ён у-ва ўсіх гарадах Юды ўзгоркі і выявы сонца. І было ў супакоі валадарства перад абліччам ягоным.6І пабудаваў ён гарады ўмацаваныя ў Юдзе, бо была ў супакоі зямля, і не было ў яго вайны ў тыя гады, бо ГОСПАД даў яму супакой.7І сказаў ён Юдзе: «Пабудуем гарады гэтыя, і аточым [іх] мурамі і вежамі, брамамі і заваламі, пакуль зямля наша перад абліччам нашым, бо мы шукалі ГОСПАДА, Бога нашага. Мы шукалі [Яго], і Ён даў нам супакой навокал». І яны будавалі, і мелі посьпех.8І было ў Асы войска: тых, якія носяць вялікія шчыты і дзіды — трыста тысячаў, і з Бэн’яміна тых, якія носяць шчыты і нацягваюць лук — дзьвесьце восем тысячаў, усе яны — ваяры мужныя.9І выйшаў на іх Зэрах Кушанін з войскам, [якое мела] тысячу тысячаў і трыста калясьніцаў, і дайшоў да Марэшы.10І выйшаў Аса перад аблічча ягонае, і пашыхтаваліся на бітву ў даліне Цэфат каля Марэшы.11І клікаў Аса да ГОСПАДА, Бога свайго, і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, няма [нікога], акрамя Цябе, каб дапамагчы шматлікаму, [або таму, хто] ня мае сілы. Дапамажы нам, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, бо мы на Цябе спадзяемся і ў імя Тваё мы выйшлі супраць мноства гэтага. ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог наш! Няхай ня спыніць Цябе чалавек».12І пабіў ГОСПАД Кушанаў перад абліччам Асы і перад абліччам Юды, і ўцякалі Кушане.13І гнаў іх Аса і народ, які быў з ім, аж да Герару, і падалі Кушане, ажно ў іх нікога не [засталося] жывога, бо яны былі зьнішчаныя перад абліччам ГОСПАДА і перад абліччам табару Ягонага. І панесьлі яны здабычы вялікае мноства.14І пабілі яны ўсе гарады вакол Герару, бо напаў на іх жах перад ГОСПАДАМ; і рабавалі ўсе гарады, бо шмат здабычы было ў іх.15І таксама намёты [пастухоў] статкаў яны зьнішчылі, і забралі мноства авечак і вярблюдаў, і вярнуліся ў Ерусалім.