1 САМУЭЛЯ9bel_jfc

1І быў адзін ваяр мужны з [роду] Бэн’яміна, на імя Кіш, сын Абіэля, сына Цэрора, сына Бэхарата, сына Афіяха, сына Бэн’яміна.2І быў у яго сын, імя якога Саўл, малады і прыгожы, і не было спаміж сыноў Ізраіля лепшага за яго. Ён быў на галаву вышэй ад усяго народу.3І прапалі ў Кіша, бацькі Саўла, асьліцы. І сказаў Кіш Саўлу, сыну свайму: «Вазьмі з сабой аднаго са слугаў, устань і ідзі, пашукай асьліцаў».4І прайшоў ён гару Эфраіма і зямлю Шаліша, і не знайшоў. І прайшлі яны зямлю Шаалім, і не было іх, пасьля зямлю Бэн’яміна, і не знайшлі.5І прыйшлі яны ў зямлю Цуф, і сказаў Саўл слузе свайму, які [быў] з ім: «Хадзем, вернемся, каб бацька мой, забыўшыся пра асьліцаў, ня стаў хвалявацца пра нас».6[Слуга] сказаў яму: «Вось, у гэтым горадзе жыве чалавек Божы, чалавек шанаваны. Усё, што ён кажа, спаўняецца. Дык давай зойдзем туды, можа, ён распавядзе нам пра шлях, па якім нам трэба ісьці».7І сказаў Саўл слузе свайму: «Так, зойдзем. Але што падаруем мы чалавеку гэтаму? Хлеб скончыўся ў торбах нашых, а падарунка ня маем, які маглі б прынесьці чалавеку Божаму. Што мы маем?»8А слуга зноў сказаў Саўлу: «Вось, я знайшоў у руцэ маёй чвэрць сыкля срэбра, дык дамо гэта чалавеку Божаму, а ён распавядзе нам пра шлях наш».9Раней у Ізраілі кожны, хто ішоў параіцца ў Бога, так казаў: «Хадземце да відушчага»; бо хто сёньня называецца прарокам, раней называўся відушчым.10І сказаў Саўл слузе свайму: «Добра ты сказаў, давай пойдзем». І пайшлі яны ў горад, у якім жыў чалавек Божы.11Калі яны падыйшлі да гораду, напаткалі дзяўчат, якія выходзілі чэрпаць ваду, і спыталіся ў іх: «Ці тут жыве відушчы?»12Яны адказалі ім, кажучы: «Тут, вось, перад табой. Пасьпяшайся цяпер, бо сёньня ён прыйшоў у горад, бо сёньня народ складае ахвяру на ўзгорку.13Калі ўвойдзеце ў горад, сустрэнеце яго там, перш чым пойдзе частавацца на ўзгорак, бо народ ня есьць, пакуль ён ня прыйдзе. Бо ён дабраслаўляе ахвяру, і тады толькі ядуць запрошаныя. Дык ідзіце, зараз яго сустрэнеце».14І падняліся яны ў горад. Калі яны ўвайшлі ў горад, вось, Самуэль ідзе насустрач ім, каб падняцца на ўзгорак.15А ГОСПАД аб’явіў Самуэлю на дзень раней, перад прыйсьцем Саўла, кажучы:16«Заўтра ў гэтую самую пару пашлю да цябе чалавека з зямлі Бэн’яміна. Ты памажаш яго на валадара народу Майго Ізраіля. Ён вызваліць народ Мой з рук Філістынцаў, бо Я ўзглянуў на народ Мой, бо лямант ягоны дайшоў да Мяне».17Калі Самуэль глянуў на Саўла, ГОСПАД сказаў яму: «Гэта той чалавек, пра якога Я казаў табе. Ён будзе валадаром над народам Маім».18І Саўл падыйшоў да Самуэля ў браме, і сказаў: «Пакажы мне, калі ласка, дзе дом відушчага?»19Самуэль адказаў Саўлу, кажучы: «Я — відушчы. Узый­дзі да мяне на ўзгорак, і падсілкуемся сёньня разам. Я адпушчу цябе раніцаю і скажу табе ўсё, што трывожыць сэрца тваё.20А што датычыць асьліцаў, якія прапалі тры дні таму, не клапаціся, бо яны ўжо знайшліся. Бо каму будзе належаць усё, што найлепшае ў Ізраілі? Ці ж не табе і ўсяму дому бацькі твайго?»21Адказаў Саўл яму і сказаў: «Ці ж я не Бэн’ямінец, з найменшага калена Ізраіля? І сям'я мая ці не найменшая з усіх сем'яў калена Бэн’яміна? Чаму тады ты гаворыш мне словы гэтыя?»22І ўзяў Самуэль Саўла і слугу ягонага, і ўвёў іх у пакой, і даў ім першае месца між запрошанымі, якіх было каля трыццаці чалавек.23І сказаў Самуэль кухару: «Дай тую частку, якую я даў табе і пра якую казаў табе: “Адкладзі яе ў сябе”».24І кухар узяў сьцягно і тое, што было пры ім, і палажыў перад Саўлам. І сказаў [Самуэль]: «Вось тое, што пакінутае. Палажы перад сабой і еш, бо гэта раней захавана для цябе, калі я вырашыў склікаць людзей». У той дзень елі разам Саўл з Самуэлем.25І зыйшлі яны з узгорку ў горад. І ён размаўляў з Саўлам на даху.26Калі раніцай яны ўсталі і ўжо разьвіднела, паклікаў Самуэль Саўла на дах і сказаў: «Уставай, я цябе правяду». І ўстаў Саўл, і выйшлі яны абодва, ён і Самуэль.27І калі падыходзілі яны да канца гораду, Самуэль сказаў Саўлу: «Скажы слузе, каб пайшоў перад намі». І калі ён пайшоў, сказаў: «Ты цяпер спыніся, і я абвяшчу табе слова Бога».