1 ПЯТРА1bel_jfc
1Пётар, апостал Ісуса Хрыста, — выбраным вандроўнікам, расьцярушаным у Поньце, Галятыі, Кападокіі, Азіі і Бітыніі,2паводле прадбачаньня Бога Айца, праз асьвячэньне Духа, дзеля паслухмянасьці і пакрапленьня крывёю Ісуса Хрыста: ласка і супакой няхай вам памножацца!3Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які паводле вялікай літасьці Сваёй адрадзіў нас праз уваскрасеньне Ісуса Хрыста з мёртвых дзеля жывое надзеі,4дзеля спадчыны незьнішчальнае і беззаганнае, якая не завяне і якая захоўваецца ў небе дзеля нас,5якія сілаю Божаю праз веру захаваныя дзеля збаўленьня, гатовага адкрыцца ў апошні час.6З гэтага радуйцеся, крыху цяпер, калі трэба, ад розных спакусаў пасмуткаваўшы,7каб выпрабаваньне веры вашае, якая шмат каштоўнейшая за золата, што гіне, хоць і агнём выпрабоўваецца, было знойдзена на хвалу, і пашану, і славу ў адкрыцьці Ісуса Хрыста,8Якога, ня бачыўшы, любіце і дзеля Якога, хоць не аглядаючы, але верачы [ў Яго], радуецеся радасьцю невымоўнаю і найслаўнейшаю,9атрымліваючы вынік веры вашае — збаўленьне душаў.10Гэтага збаўленьня шукалі і дапытываліся прарокі, якія прарочылі пра ласку адносна вас,11дасьледуючы, пра што ці пра якую пару паведамляў у іх Дух Хрыстовы, прадвяшчаючы пакуты Хрыстовыя і славу пасьля іх.12Ім было адкрыта, што ня ім, але нам служыла абвешчанае вам цяпер тымі, якія дабравесьцілі вам у Духу Сьвятым, Які пасланы з неба, да чаго анёлы жадаюць прыхіліцца.13Дзеля гэтага, падперазаўшы паясьніцы розуму вашага і будучы цьвярозымі, да канца спадзявайцеся на ласку, якая прыносіцца вам у адкрыцьці Ісуса Хрыста.14Як паслухмяныя дзеці, не прыпадабняйцеся ранейшым пажаданьням у няведаньні вашым,15але, паводле [прыкладу] Сьвятога, Які паклікаў вас, і самі будзьце сьвятымі ў-ва ўсім ладзе жыцьця,16бо напісана: «Будзьце сьвятыя, бо Я — Сьвяты».17І калі называеце Айцом Таго, Які судзіць кожнага паводле справаў ягоных, не ўзіраючыся на аблічча, са страхам праводзьце час вандраваньня вашага,18ведаючы, што не зьнішчальным срэбрам ці золатам выбаўлены вы ад марнага ладу жыцьця, перададзенага ад бацькоў,19але каштоўнай крывёю Хрыста, як Ягняці беззаганнага і неапаганенага,20прадвызначанага яшчэ да стварэньня сьвету, але зьяўленага ў апошнія часы дзеля вас,21якія паверылі праз Яго ў Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб вера вашая і надзея была ў Богу.22Ачысьціўшы душы вашыя паслухмянасьцю праўдзе праз Духа дзеля некрывадушнага браталюбства, з чыстым сэрцам шчыра любіце адзін аднаго,23як тыя, што адроджаныя не са зьнішчальнага насеньня, але з незьнішчальнага, праз слова Бога Жывога, Які трывае на вякі.24Бо ўсякае цела — як трава, і ўсякая слава чалавечая — як кветка на траве; засохла трава, і кветка яе ўпала,25але слова Госпада трывае на вякі. А гэта ёсьць тое слова, якое вам дабравешчана.