1 ВАЛАДАРОЎ7bel_jfc
1А дом свой будаваў Салямон трынаццаць гадоў, і скончыў увесь дом свой.2І пабудаваў ён дом з лесу Лібанскага ў сто локцяў даўжыні, і пяцьдзясят локцяў шырыні, і трыццаць локцяў вышыні, на чатырох шэрагах слупоў кедровых, і бэлькі кедровыя былі паложаныя на слупы.3І быў [дом] ашаляваны кедрам над бэлькамі на сарака пяці слупах, па пятнаццаць у адным шэрагу.4І вокны былі ў тры шэрагі: вакно над вакном праз тры крокі.5Усе дзьверы і вокны былі чатырохкутныя, вакно ад вакна праз тры крокі.6Зрабіў ён таксама прысенак са слупамі ў пяцьдзясят локцяў даўжыні і трыццаць локцяў шырыні, і другія сені перад ім, і слупы, і паветку.7І зрабіў залю з пасадам, у якой судзіў, залю судовую, і ашаляваў яе дошкай кедровай ад падлогі да столі.8А дом ягоны, у якім жыў, быў за домам з заляй на панадворку, асобна пабудаваны. І пабудаваў ён дом, падобны да [дому] з заляй, для дачкі фараона, якую ўзяў за жонку.9Усё гэта знутры і звонку, ад падлогі аж да столі, і аж да вялікага панадворку, было з адборных камянёў, чэсаных пад мерку і рэзаных пілою.10А падмурак быў з адборных камянёў, камянёў вялікіх, камянёў у дзесяць локцяў і камянёў у восем локцяў.11А над падмуркам — адборныя камяні, чэсаныя пад мерку, і [дрэва] кедровае.12Вялікі панадворак атачалі тры шэрагі чэсаных [камянёў] і шэраг бярвеньняў кедровых, і ён прылягаў да панадворку Дому ГОСПАДА і да дому з заляй [судовай].13І паслаў валадар Салямон, і ўзяў з Тыру Хірама,14сына жанчыны ўдавы з пакаленьня Нэфталі. Бацька ягоны, Тыранін, быў меднікам. І быў ён поўны мудрасьці і розуму, і майстэрства ў-ва ўсякай рабоце на медзі. І прыйшоў ён да валадара Салямона, і рабіў усе працы ягоныя.15І адліў ён два слупы мядзяныя: адзін — у васямнаццаць локцяў вышыні і дванаццаць локцяў наўкола, і другі такі самы.16І зрабіў ён з медзі дзьве галавіцы, і зьмясьціў іх на версе слупоў. Адна галавіца мела пяць локцяў вышыні, і пяць локцяў вышыні мела другая галавіца.17На галавіцах, якія былі на версе слупоў, зрабіў сплецівы з ланцужкоў мастацкай работы, сем сплеціваў на адной галавіцы, і сем на другой галавіцы.18І зрабіў яблыкі гранатовыя па два шэрагі кругом кожнага сплеціва вакол галавіцы на версе слупа. І такім самым спосабам аздобіў другі слуп.19Галавіцы, якія [былі] на версе слупоў у прысенку, мелі выгляд лілеі ў чатыры локці [велічыні].20І галавіцы на абодвух слупах проста над выпукласьцю, якая па-за сплецівам, мелі дзьвесьце яблыкаў гранатовых у шэрагах вакол адной і другоў галавіцы.21І паставіў ён слупы гэтыя ў прысенку сьвятыні. І паставіў слуп з правага боку, і назваў імя ягонае Яхін, і паставіў слуп з левага боку, і назваў імя ягонае Боаз.22А на версе тых слупоў былі выявы лілеяў. І ён скончыў выраб гэтых слупоў.23І зрабіў ён з медзі мора, ад берагу да берагу дзесяць локцяў, круглае, у вышыню пяць локцяў, і трыццаць локцяў наўкола.24Ніжэй краёў мора апаясвалі яго кругом выявы пладоў, па дзесяць на локаць кругом мора. І ішлі яны ў два шэрагі, і былі адлітыя разам з морам.25[Мора] стаяла на дванаццаці валах. З іх тры глядзелі на поўнач, тры — на ўсход, тры — на захад, а тры — на поўдзень. Мора было на іх, а азадкі іхнія [зьвернутыя] ў сярэдзіну.26Таўшчыня [мора] — у далонь, а берагі яго зробленыя ў выглядзе берагоў келіха, як кветкі лілеі; зьмяшчала яно дзьве тысячы батаў.27І зрабіў ён дзесяць мядзяных падставаў; кожная падстава мела чатыры локці даўжыні, чатыры локці шырыні і тры локці вышыні.28Падставы гэтыя былі зроблены так: мелі яны ліштвы, і пруты між ліштвамі.29А на тых ліштвах між прутамі — ільвы, валы і херувімы. А на прутах, над і пад ільвамі і валамі зроблены гірлянды, што вісяць.30Кожная падстава мела чатыры мядзяныя колы на мядзяных восях. А іхнія чатыры рагі мелі рамёны пад мыцельнікам. Рамёны гэтыя адлітыя былі з кожнага боку гірляндаў.31Паміж рамёнамі меў ён адтуліну на вышыні локця, круглую, на паўтары локці. Вакол адтуліны былі таксама выявы, а ліштвы ейныя былі ня круглыя, але чатырохкутныя.32І чатыры колы былі пад ліштвамі, а восі колаў былі прымацаваныя пры падставах. Вышыня кола была ў паўтары локці.33Колы былі зробленыя, як робіцца кола для возу. Восі іхнія, абады іхнія, і ступіцы іхнія, усё было адлітае.34На чатырох рагах кожнае падставы былі чатыры рамёны, і рамёны былі адно цэлае з падставай.35На версе падставы кругом на паўлокці было закругленьне, а на версе закругленьня — ручкі ягоныя і ліштвы ягоныя.36І на ўсіх бляхах і прутах выразьбіў ён кругом херувімаў, ільвоў і пальмы.37У такі спосаб зрабіў ён дзесяць мядзяных падставаў, аднолькавага ліцьця, аднолькавага памеру і аднолькавага выгляду.38Зрабіў ён таксама дзесяць мыцельнікаў мядзяных, а кожны мыцельнік зьмяшчаў сорак батаў. Кожны мыцельнік меў чатыры локці, і кожны з іх быў на адной з дзесяці падставаў.39Пяць падставаў памясьціў ён на правым баку Дому [Божага] і пяць — на левым баку Дому [Божага]. А мора памясьціў на паўднёвы ўсход на правым баку Дому [Божага].40І зрабіў Хірам мыцельнікі, шуфлікі і крапільніцы. І скончыў Хірам усе працы, якія меў зрабіць для валадара Салямона ў Доме ГОСПАДА:41два слупы і круглыя галавіцы на версе тых двух слупоў, два сплеціва на прыкрыцьцё двух круглых галавіцаў на версе тых слупоў,42чатырыста яблыкаў гранатовых на абедзьвух сплецівах, па два шэрагі яблыкаў на кожным сплеціве,43дзесяць падставаў і дзесяць мыцельнікаў на тых падставах,44і адно мора, і дванаццаць валоў пад ім,45і казаны, шуфлікі і крапільніцы. І ўсе прылады, якія Хірам зрабіў валадару Салямону ў Дом ГОСПАДА, былі з палераванай медзі.46Ён адліваў усё гэта ў гліне над Ярданам, між Сукотам і Цартанам.47І парастаўляў Салямон усе гэтыя прылады. І было іх так шмат, што вагі медзі нельга было палічыць.48І зрабіў Салямон усе прылады ў Дом ГОСПАДА: ахвярнік залаты і стол залаты, на які [лажылі] хлябы пакладныя,49і сьвечнікі з чыстага золата: пяць сьвечнікаў з правага боку і пяць сьвечнікаў з левага боку насупраць Давіру, і кветкі, лямпы, шчыпцы з золата,50і місы, нажніцы, крапільніцы са шчырага золата, і залатыя завесы да дзьвярэй Дому ўнутры, да [дзьвярэй] Сьвятога Сьвятых і да дзьвярэй Дому Сьвятога.51І скончана была ўся праца, якую зрабіў валадар Салямон у Доме ГОСПАДА. І прынёс Салямон пасьвячоныя бацькам сваім, Давідам, рэчы: срэбра, золата і посуд, і памясьціў іх у скарбніцы Дому ГОСПАДА.