1 ВАЛАДАРОЎ16bel_jfc
1І было слова ГОСПАДА да Егу, сына Хананіі, супраць Баашы, кажучы:2«За тое, што Я цябе падняў з парахна і паставіў правадыром над народам Маім, Ізраілем, а ты хадзіў шляхам Ерабаама і ўводзіў у грэх народ Мой, Ізраіля, каб Мяне гнявіць грахамі іхнімі,3вось, Я вымету рэшткі Баашы і рэшткі дому ягонага і зраблю з домам ягоным тое, што зрабіў з домам Ерабаама, сына Навата.4Хто ў Баашы памрэ ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ ў полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныя».5Іншыя дзеяньні Баашы, і ўсё, што ён рабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.6І супачыў Бааша з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Тырцы. А пасьля яго стаў валадаром Эла, сын ягоны.7І зноў было слова ГОСПАДА праз прарока Егу, сына Хананіі, супраць Баашы і дому ягонага дзеля ўсякага зла, якое ён чыніў у вачах ГОСПАДА, гневаючы Яго ўчынкамі рук сваіх, калі рабіў так, як дом Ерабаама, які ён выгубіў.8У дваццаць шостым годзе Асы, валадара Юды, Эла, сын Баашы, стаў валадаром над Ізраілем у Тырцы на два [гады].9І слуга ягоны Зімры, начальнік над паловаю калясьніцаў, змовіўся супраць яго. І калі Эла быў напіўся ў доме Арцы, загадчыка дому ў Тырцы,10Зімры напаў на яго, і ўдарыў яго, і забіў яго ў дваццаць сёмым годзе Асы, валадара Юды, і стаў валадаром замест яго.11І калі ён стаў валадаром, і сеў на пасадзе ягоным, ён выбіў увесь дом Баашы, і не пакінуў з яго анікога, хто мочыцца на сьцяну, ані сваякоў, ані сяброў ягоных.12І зьнішчыў Зімры ўвесь дом Баашы паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў пра Баашу праз Егу прарока13з прычыны ўсіх грахоў Баашы і грахоў Элы, сына ягонага, якімі яны самі грашылі і якімі ўводзілі ў грэх Ізраіля, гневаючы ГОСПАДА, Бога Ізраіля, марнасьцямі сваімі.14А іншыя дзеяньні Элы, і ўсё, што ён рабіў, запісана ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.15У дваццаць сёмым годзе Асы, валадара Юды, заваладарыў Зімры на сем дзён у Тырцы, а народ [Ізраіля] разлажыўся табарам каля Гіббэтону, гораду Філістынцаў.16І пачуў народ, які разлажыўся табарам, што кажуць: «Зімры ўчыніў змову і забіў валадара». І ўвесь Ізраіль, які быў у табары, паставіў у той дзень валадаром Омры, начальніка войска Ізраіля.17І выйшаў Омры, і ўвесь Ізраіль з ім, з-пад Гіббэтону і абляглі Тырцу.18І сталася, калі Зімры ўбачыў, што горад здабыты, ён увайшоў у вежу дому валадара, і падпаліў дом валадара агнём, і памёр19дзеля грахоў сваіх, якімі грашыў, чынячы ліхоту ў вачах ГОСПАДА і ходзячы шляхам Ерабаама і ў грахах ягоных, якія той рабіў і ўводзіў у грэх Ізраіля.20Іншыя дзеяньні Зімры, і змова ягоная, якую ён учыніў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.21Тады народ Ізраіля падзяліўся на дзьве часткі: палова народу стаяла за Тыўні, сына Гіната, каб яго паставіць валадаром, а палова — за Омры.22І быў мацнейшы народ, які [стаяў] за Омры, чым той, што [стаяў] за Тыўні, сына Гіната. І Тыўні памёр, а валадарыў Омры.23У трыццаць першым годзе Асы, валадара Юды, Омры стаў валадаром над Ізраілем на дванаццаць гадоў. У Тырцы ён валадарыў шэсьць гадоў.24І ён купіў за два таленты срэбра ў Шэмэра гару Шамэрон, і забудаваў гару, і гораду, які пабудаваў, даў імя Самарыяй ад імя Шэмэра, гаспадара гары.25І рабіў Омры ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і чыніў зло горш за ўсіх, якія былі перад ім.26І хадзіў ён усімі шляхамі Ерабаама, сына Навата, і ў грахах ягоных, якімі той увёў у грэх Ізраіля, каб гнявіць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, марнасьцямі сваімі.27А іншыя дзеяньні Омры, якія ён зрабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.28І супачыў Омры з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі. А пасьля яго заваладарыў Ахаў, сын ягоны.29Ахаў, сын Омры, стаў валадаром Ізраіля ў трыццаць восьмым годзе Асы, валадара Юды, і валадарыў Ахаў, сын Омры, над Ізраілем у Самарыі дваццаць два гады.30І Ахаў, сын Омры, рабіў ліхоту ў вачах ГОСПАДА, горш за ўсіх, што былі перад ім.31Мала яму было хадзіць у грахах Ерабаама, сына Навата, і ён узяў за жонку Езабэль, дачку Этбаала, валадара Сідонцаў, і хадзіў, і служыў Баалу, і пакланяўся яму.32І паставіў ён ахвярнік Баалу ў доме Баала, які пабудаваў у Самарыі.33І зрабіў Ахаў Астарту, і сваімі ўчынкамі Ахаў гнявіў ГОСПАДА, Бога Ізраіля, болей, чым усе валадары Ізраіля, якія былі перад ім.34У дні ягоныя Хіэль з Бэтэлю адбудаваў Ерыхон. Падмуркі ягоныя ён паклаў на першародным сваім, Абіраме, а на наймалодшым сваім, Сэгібе, паставіў брамы ягоныя, паводле слова ГОСПАДА, сказанага праз Егошуа, сына Нуна.