1 ЯНА4bel_jfc

1Улюбёныя! Ня ўсякаму духу верце, але выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо шмат фальшывых прарокаў прыйшло ў сьвет.2З гэтага вы пазнаеце Духа Божага: усякі дух, які вызнае Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе, ёсьць ад Бога,3а ўсякі дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе, ня ёсьць ад Бога, і гэта [дух] антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе, і цяпер ёсьць ужо ў сьвеце.4Дзеткі! Вы — ад Бога, і вы перамаглі іх, бо Той, Які ў вас, большы за таго, які ў сьвеце.5Яны — ад сьвету, дзеля гэтага гавораць ад сьвету, і сьвет слухае іх.6Мы — ад Бога. Хто ведае Бога, той слухае нас; хто не ад Бога, той ня слухае нас. З гэтага мы пазнаем духа праўды і духа падману.7Улюбёныя! Будзем любіць адзін аднаго, бо любоў — ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога.8Хто ня любіць, той не пазнаў Бога, бо Бог ёсьць любоў.9У гэтым выявілася любоў Божая да нас, што Бог паслаў у сьвет Сына Свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго.10У гэтым любоў, што ня мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго як перамольваньне за грахі нашыя.11Улюбёныя! Калі Бог гэтак палюбіў нас, і мы павінны любіць адзін аднаго.12Бога ніхто ніколі ня бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, Бог у нас застаецца, і любоў Ягоная дасканалая ў нас.13З гэтага мы пазнаем, што мы застаемся ў Ім, і Ён — у нас, што Ён даў нам ад Духа Свайго.14І мы бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына як Збаўцу сьвету.15Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым застаецца Бог, і ён — у Богу.16І мы пазналі і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог. Бог ёсьць любоў, і хто застаецца ў любові, застаецца ў Богу, і Бог — у ім.17Дзеля гэтага дасканаліцца любоў сярод нас, каб мы мелі адвагу ў дзень суду, бо які Ён, гэткія і мы ў сьвеце гэтым.18Страху няма ў любові, але дасканалая любоў прэч выганяе страх, бо ў страху ёсьць мучэньне; а хто баіцца, той у любові недасканалы.19Мы любім Яго, бо Ён першы палюбіў нас.20Калі хто кажа: «Я люблю Бога», і брата свайго ненавідзіць, той хлус, бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?21І мы маем ад Яго гэткае прыказаньне, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.