1 ЯНА3bel_jfc
1Глядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца дзецьмі Божымі. Сьвет дзеля таго не пазнае вас, што не пазнаў Яго.2Улюбёныя! Мы цяпер дзеці Божыя, і яшчэ ня выявілася, што мы будзем, а ведаем, што, калі выявіцца, будзем падобныя да Яго, бо ўгледзім Яго, як Ён ёсьць.3І ўсякі, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, бо Ён чысты.4Усякі, хто робіць грэх, робіць і беззаконьне, і грэх ёсьць беззаконьне.5І вы ведаеце, што Ён зьявіўся, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху.6Усякі, хто ў Ім застаецца, не грашыць; усякі, хто грашыць, ня бачыў Яго і не пазнаў Яго.7Дзеткі! Няхай ніхто вас не падмане. Хто чыніць праведнасьць, той праведны, як і Ён праведны.8Хто чыніць грэх, той ад д’ябла, бо ад пачатку д’ябал грашыць. Дзеля гэтага і зьявіўся Сын Божы, каб зьнішчыць справы д’ябла.9Усякі, хто народжаны ад Бога, грэху ня робіць, таму што насеньне Ягонае застаецца ў ім, і ён ня можа грашыць, бо народжаны ад Бога.10Дзеці Божыя і дзеці д'яблавы выяўляюцца гэтак: усякі, хто ня робіць праведнасьць, ня ёсьць ад Бога, і той, хто ня любіць брата свайго.11Бо гэткая ёсьць вестка, якую вы чулі ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго.12Ня гэтак, як Каін, што быў ад злога і замардаваў брата свайго. І дзеля чаго замардаваў яго? Бо ягоныя ўчынкі былі злыя, а брата ягонага — праведныя.13Не зьдзіўляйцеся, браты мае, калі сьвет ненавідзіць вас.14Мы ведаем, што перайшлі ад сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто ня любіць брата, застаецца ў сьмерці.15Усякі, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць чалавеказабойца; і вы ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца ня мае жыцьця вечнага, якое ў ім застаецца.16У гэтым пазналі мы любоў, што Ён паклаў за нас душу Сваю; і мы павінны пакладаць душы свае за братоў.17А хто мае маёмасьць у сьвеце, і бачыць брата свайго ў патрэбе, і зачыняе ад яго нутро сваё, дык як любоў Божая застаецца ў ім?18Дзеткі мае! Будзем любіць ня словам ці языком, але ўчынкам і праўдаю!19І з гэтага даведаемся, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім сэрцы нашыя.20Бо калі сэрца нас дакарае, дык Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё.21Улюбёныя! Калі сэрца нашае не дакарае нас, мы маем адвагу перад Богам,22і чаго ні папросім, атрымаем ад Яго, бо захоўваем прыказаньні Ягоныя і тое, што падабаецца [Яму], робім перад Ім.23І гэткае прыказаньне Яго, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён даў нам прыказаньне.24І хто захоўвае прыказаньні Ягоныя, той застаецца ў Ім, і Ён у тым. І што Ён застаецца ў нас, даведваемся паводле Духа, Якога Ён нам даў.