1 ЯНА2bel_jfc
1Дзеткі мае! Пішу вам гэтае, каб вы не грашылі, а калі хто зграшыў, маем Абаронцу перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка.2Ён ёсьць перамольваньне за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але і за [грахі] ўсяго сьвету.3І што мы пазналі Яго, даведваемся з таго, што захоўваем прыказаньні Ягоныя.4Хто кажа: «Я пазнаў Яго», і прыказаньні Ягоныя не захоўвае, той хлус, і няма ў ім праўды;5а хто захоўвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая завяршылася. З гэтага даведваемся, што мы ў Ім.6Хто кажа, што ў Ім застаецца, павінен хадзіць так, як Ён хадзіў.7Браты! Ня новае прыказаньне пішу вам, але прыказаньне старое, якое вы мелі ад пачатку. Прыказаньне старое ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.8Зноў жа новае прыказаньне пішу вам, якое праўдзіва ў Ім і ў вас, што цемра праходзіць, і праўдзівае сьвятло ўжо сьвеціць.9Хто кажа, што ён у сьвятле, і ненавідзіць брата свайго, той у цемры дагэтуль.10Хто любіць брата свайго, застаецца ў сьвятле, і няма ў ім згаршэньня.11А хто ненавідзіць брата свайго, той ёсьць у цемры, і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, таму што цемра засьляпіла вочы яму.12Пішу вам, дзеткі, што адпушчаны вам грахі дзеля імя Яго.13Пішу вам, бацькі, што вы пазналі Таго, Які ад пачатку. Пішу вам, юнакі, што вы перамаглі злога. Пішу вам, дзеці, што вы пазналі Айца.14Я напісаў вам, бацькі, што вы пазналі Таго, Які ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі, што вы дужыя, і слова Божае застаецца ў вас, і вы перамаглі злога.15Не любіце сьвету, ані таго, што ў сьвеце. Хто любіць сьвет, у тым няма любові Айца.16Бо ўсё, што ў сьвеце: пажаданьне цела, і пажаданьне вачэй, і пыха жыцьцёвая, — ня ёсьць ад Айца, але ад сьвету.17І сьвет праходзіць, і пажаданьне ягонае, а хто чыніць волю Божую, застаецца на вякі.18Дзеці! Апошняя гадзіна! І як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер зьявілася шмат антыхрыстаў, дык мы даведваемся з гэтага, што апошняя гадзіна.19Яны выйшлі ад нас, але не былі ад нас; бо, калі б яны былі ад нас, засталіся б з намі; але [выйшлі], каб выявілася, што ня ўсе ад нас.20І вы маеце памазаньне ад Сьвятога, і ведаеце ўсё.21Я напісаў вам не таму, што вы ня ведаеце праўды, але таму, што вы ведаеце яе, і што ніякай хлусьні няма ад праўды.22Хто хлус, калі ня той, хто адракаецца, што Ісус ёсьць Хрыстос? Гэта — антыхрыст, які адракаецца Айца і Сына.23Усякі, хто адракаецца Сына, ня мае і Айца; хто вызнае Сына, мае і Айца.24Дык што вы чулі ад пачатку, тое няхай застаецца ў вас. Калі застанецца ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, вы застанецеся і ў Сыне, і ў Айцу.25І гэтае абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё вечнае.26Гэта я напісаў вам пра тых, якія падманваюць вас.27І памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас застаецца, і вы ня маеце патрэбы, каб хто вучыў вас; але як гэтае самае памазаньне вучыць вас пра ўсё, і яно праўдзівае і не манлівае, дык, як яно навучыла вас, у тым заставайцеся.28І цяпер, дзеткі, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён зьявіцца, мець нам адвагу і не асароміцца перад Ім у прыход Ягоны.29Калі вы ведаеце, што Ён праведны, ведайце, што ўсякі, хто чыніць праведнасьць, ад Яго народжаны.