1 КАРЫНЬЦЯНАЎ15bel_jfc

1Паведамляю вам, браты, Эвангельле, якое я дабравесьціў вам, і якое вы прынялі, і ў якім стаіцё,2і праз якое збаўляецеся, калі будзеце трымацца таго слова, якое я дабравесьціў вам, калі толькі не надарма паверылі.3Бо я найперш перадаў вам тое, што і сам прыняў, што Хрыстос памёр за грахі нашыя паводле Пісаньняў,4і што Ён быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень, паводле Пісаньняў,5і што Ён зьявіўся Кіфе, а пасьля — Дванаццаці,6пасьля зьявіўся больш чым пяцістам братам за раз, з якіх многія дагэтуль жывуць, а некаторыя паўміралі;7пасьля зьявіўся Якубу, пасьля — усім апосталам,8а апошняму з усіх зьявіўся і мне, быццам неданоску.9Бо я — найменшы з апосталаў, які ня варты называцца апосталам, бо я перасьледаваў царкву Божую,10але з ласкі Бога ёсьць тым, кім ёсьць, і ласка Ягоная ў-ва мне не была дарэмнай, але я больш за іх усіх працаваў; дый ня я, але ласка Божая, якая са мною.11Дык ці я, ці яны, мы гэтак абвяшчаем, і вы гэтак паверылі.12А калі пра Хрыста абвяшчаецца, што Ён уваскрос з мёртвых, як некаторыя з вас кажуць, што няма ўваскрасеньня мёртвых?13Калі няма ўваскрасеньня мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрос;14а калі Хрыстос не ўваскрос, тады дарэмнае і абвяшчэньне нашае, дарэмная і вера вашая.15А нас знайшлі б фальшывымі сьведкамі Божымі, бо мы сьведчылі пра Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, Якога не ўваскрашаў, калі мёртвыя не ўваскрасаюць.16Бо калі мёртвыя не ўваскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрос;17а калі Хрыстос не ўваскрос, дык вера вашая марная, вы яшчэ ў грахах вашых.18Таму і тыя, якія памерлі ў Хрысьце, загінулі.19Калі мы толькі ў гэтым жыцьці спадзяемся на Хрыста, мы найбольш жалю вартыя з усіх людзей.20Але цяпер Хрыстос уваскрос з мёртвых, стаўся Першынцам сярод памёршых.21Бо як праз чалавека сьмерць, гэтак праз чалавека і ўваскрасеньне мёртвых.22Бо як у Адаме ўсе паміраюць, гэтак у Хрысьце ўсе ажывуць,23але кожны — у сваім парадку: Першынец — Хрыстос, пасьля — Хрыстовыя ў прыйсьце Ягонае,24а пасьля — канец, калі Ён перадасьць Валадарства Богу і Айцу, калі зьнішчыць усякае начальства, і ўсякую ўладу і сілу,25бо Яму належыць валадарыць, пакуль пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі Свае.26Апошні вораг будзе зьнішчаны — сьмерць,27бо ўсё падпарадкаваў пад ногі Яго. А калі сказана, што ўсё падпарадкавана, зразумела, што акрамя Таго, Які падпарадкаваў Яму ўсё.28А калі ўсё будзе падпарадкавана Яму, тады і Сам Сын падпарадкуецца Таму, Які падпарадкаваў Яму ўсё, каб быў Бог усё ў-ва ўсім.29Іначай, што будуць рабіць тыя, якія хрысьцяцца дзеля мёртвых? Калі мёртвыя зусім не ўваскрасаюць, навошта хрысьціцца дзеля мёртвых?30Навошта і мы ўсякую гадзіну ў небясьпецы?31Я штодня паміраю, сцьвяржае гэта пахвала вашая, якую маю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.32Калі б я па-чалавечаму змагаўся са зьвярамі ў Эфэсе, якая мне карысьць, калі мёртвыя не ўваскрасаюць? «Будзем есьці і піць, бо заўтра памром!»33Не падманвайце сябе: благія таварыствы псуюць добрыя звычаі.34Працьверазіцеся на праведнасьць і не грашыце; бо некаторыя [з вас] ня ведаюць Бога, на сорам вам кажу.35Але скажа нехта: «Як уваскрэснуць мёртвыя? Ды ў якім целе прыйдуць?»36Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ.37І тое, што сееш, сееш ня цела, якое будзе, але голае зерне, можа, пшанічнае, ці якое іншае,38а Бог дае яму цела, як хоча, і кожнаму насеньню — сваё цела.39Ня ўсякае цела такое самае цела, але адно цела ў людзей, а іншае цела ў жывёлаў, іншае ў рыбаў, іншае ў птушак.40І [ёсьць] целы нябесныя, і целы зямныя; але адна слава нябесных, а другая — зямных,41іншая слава сонца, і іншая слава месяца, і іншая слава зорак, бо зорка ад зоркі розьніцца ў славе.42Гэтак і ўваскрасеньне мёртвых: сеецца ў сапсутасьці, уваскрашаецца ў незьнішчальнасьці;43сеецца ў ганьбе, уваскрашаецца ў славе; сеецца ў нядужасьці, уваскрашаецца ў моцы;44сеецца цела душэўнае, уваскрашаецца цела духоўнае. Ёсьць цела душэўнае, і ёсьць цела духоўнае.45Гэтак і напісана: «Стаўся першы чалавек Адам душою жывою», а апошні Адам — дух, які ажыўляе.46Але спачатку не духоўнае, але душэўнае; духоўнае пасьля.47Першы чалавек — з зямлі, зямны; другі Чалавек — Госпад з неба.48Які зямны, гэтакія і зямныя; і які Нябесны, гэтакія і нябесныя.49І як мы насілі вобраз зямнога, будзем насіць і вобраз Нябеснага.50А тое скажу, браты, што ня могуць цела і кроў успадкаеміць Валадарства Божага, і сапсутасьць не ўспадкаеміць незьнішчальнасьці.51Вось, кажу вам тайну: ня ўсе мы памром, але ўсе пераменімся,52у адзін момант, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць, і мёртвыя ўваскрэснуць незьнішчальнымі, і мы пераменімся.53Бо зьнішчальнае гэтае мусіць апрануцца ў незьнішчальнасьць, і сьмяротнае гэтае — апрануцца ў несьмяротнасьць.54А калі зьнішчальнае гэтае апранецца ў незьнішчальнасьць, і сьмяротнае гэтае апранецца ў несьмяротнасьць, тады станецца напісанае слова: «Паглынутая сьмерць перамогаю».55«Сьмерць, дзе тваё джала? Пекла, дзе твая перамога?»56Джала сьмерці — грэх, а сіла грэху — закон.57Падзяка ж Богу, Які даў нам перамогу праз Госпада нашага Ісуса Хрыста!58Так што, браты мае ўлюбёныя, будзьце непарушныя, непахісныя, у справе Госпадавай мейце рупнасьць заўсёды, ведаючы, што праца вашая не дарэмная перад Госпадам.