1 КАРЫНЬЦЯНАЎ12bel_jfc

1Адносна ж духоўных [дароў], браты, не хачу, каб вы ня ведалі.2Вы ведаеце, што, калі былі вы паганамі, да ідалаў безгалосых скіроўваліся, быццам вялі вас.3Дзеля гэтага паведамляю вам, што ніхто, хто гаворыць у Духу Божым, ня скажа праклёну на Ісуса; і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам, як толькі ў Духу Сьвятым.4Ёсьць адрозьненьні ў дарах, але Дух той самы;5і ёсьць адрозьненьні ў служэньнях, але Госпад той самы;6і ёсьць адрозьненьні ў дзеяньнях, але Бог той самы, Які ўсё ў-ва ўсіх робіць.7А кожнаму даецца выяўленьне Духа дзеля карысьці.8Бо аднаму даецца праз Духа слова мудрасьці, а другому — слова веданьня праз таго самага Духа;9а іншаму — вера ў тым самым Духу; а іншаму — дары аздараўленьня ў тым самым Духу;10іншаму — рабіць цуды, іншаму — прароцтва, іншаму — распазнаваньне духаў, іншаму — разнастайныя мовы, а іншаму — тлумачэньне моваў.11А ўсё гэтае робіць адзін і той самы Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Ён хоча.12Бо як цела адно, але мае шмат членаў, і ўсе члены аднаго цела, хоць іх і шмат, ёсьць адно цела, гэтак і Хрыстос.13Бо мы ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці Юдэі, ці Грэкі, ці слугі, ці вольныя, і ўсе напоены адным Духам.14Бо і цела — гэта не адзін член, але шмат.15Калі скажа нага: «Як я не рука, я не ад цела», хіба дзеля гэтага яна не ад цела?16І калі скажа вуха: «Як я ня вока, я не ад цела», хіба дзеля гэтага яно не ад цела?17Калі ўсё цела — вока, дзе слых? Калі ўсё — слых, дзе нюх?18Але цяпер Бог разьмясьціў члены, кожны з іх асобна, у целе, як Сам хацеў.19А калі б усе былі адзін член, дзе цела?20Але цяпер членаў шмат, а цела адно.21Ня можа вока сказаць руцэ: «Я ня маю ў табе патрэбы», або таксама галава нагам: «Я ня маю ў вас патрэбы».22Але члены цела, якія лічацца слабейшымі, нашмат больш патрэбныя.23І тыя, якія нам падаюцца менш пачэснымі ў целе, атачаем асаблівай пашанай, і нашыя непрыстойныя [члены] маюць асаблівую павагу.24А нашыя паважаныя [члены] ня маюць [такой] патрэбы. Але Бог спалучыў цела, даўшы тым, якія маюць недахопы, асаблівую пашану,25каб не было падзелу ў целе, але члены адзін пра аднаго клапаціліся.26І калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены; калі славіцца адзін член, радуюцца з ім усе члены.27Вы ж — Цела Хрыстовае, а паасобна — члены.28І адных Бог паставіў у царкве, па-першае, апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэцяе, настаўнікамі; пасьля — [тых, хто мае] сілы, пасьля — дары аздараўленьня, дапамаганьня, гаспадараваньня, разнастайныя мовы.29Ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе сілы?30Ці ўсе маюць дары аздараўленьня? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?31Рупцеся пра дары большыя, і я пакажу вам шлях яшчэ лепшы.