1 КАРЫНЬЦЯНАЎ10bel_jfc
1Не хачу, браты, каб вы ня ведалі, што бацькі нашыя ўсе былі пад воблакам, і ўсе прайшлі праз мора,2і ўсе ахрысьціліся ў Майсея ў воблаку і ў моры,3і ўсе елі тую самую духоўную ежу,4і ўсе пілі тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнае скалы, якая ішла за імі, а скала гэтая быў Хрыстос.5Але ня многіх з іх упадабаў Бог, бо яны палеглі ў пустыні.6А гэта сталася прыкладам для нас, каб мы ня мелі пажаданьня ліха, як пажадалі яны.7Ня будзьце таксама ідалапаклоньнікамі, як некаторыя з іх, як напісана: «Народ пасеў есьці і піць, і ўстаў гуляць».8Таксама ня будзем рабіць распусты, як некаторыя з іх распусьнічалі, і ў адзін дзень загінула дваццаць тры тысячы.9Таксама ня будзем спакушаць Хрыста, як некаторыя з іх спакушалі і загінулі ад зьмеяў.10Таксама не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад нішчыцеля.11А ўсё гэтае здарылася з імі ў прыклад і напісана дзеля напамінаньня нам, на якіх канец вякоў прыйшоў.12Так што, хто думае, што стаіць, няхай сьцеражэцца, каб ня ўпасьці.13Вас наведала спакуса ня іншая, як чалавечая. Але верны Бог, Які не пакіне вас быць спакушанымі больш, чым вы можаце [вытрымаць], але са спакусай зробіць і выхад, каб вы маглі яе перанесьці.14Таму, улюбёныя мае, уцякайце ад ідалапаклонства.15Кажу, як да мудрых; судзіце самі, што кажу.16Келіх дабраслаўленьня, які дабраслаўляем, ці ня ёсьць супольнасьць Крыві Хрыстовае? Хлеб, які ламаем, ці ня ёсьць супольнасьць Цела Хрыстовага?17Як адзін хлеб, так і адно цела мы, многія, бо ўсе мы атрымліваем адзін хлеб.18Паглядзіце на Ізраіль паводле цела: ці тыя, якія ядуць ахвяраванае, ня ёсьць супольнікамі ахвярніка?19Дык што я кажу? Ці ідал ёсьць нечым? Ці ахвяра ідалам нечым ёсьць?20Але тое, што заколваюць пагане, для дэманаў заколваюць, а не для Бога. А я не хачу, каб вы сталіся супольнікамі дэманаў.21Ня можаце піць келіх Госпада і келіх дэманаў; ня можаце ўдзельнічаць у стале Госпада і стале дэманаў.22Ці будзем раздражняць Госпада? Ці мы дужэйшыя за Яго?23Усё мне можна, але ня ўсё карысна; усё мне можна, але ня ўсё будуе.24Ніхто няхай не шукае свайго, але кожны таго, што для іншага.25Усё, што продаецца на рэзьніцы, ешце, не дасьледуючы дзеля сумленьня,26бо Госпадава зямля і што напаўняе яе.27А калі хто з бязьверных пакліча вас, і вы захочаце пайсьці, ешце ўсё, што дадуць, нічога не дасьледуючы дзеля сумленьня.28А калі хто скажа вам: «Гэта ахвяра ідалам», — ня ешце дзеля таго, хто паведаміў, і дзеля сумленьня, бо Госпадава зямля і што напаўняе яе.29А пра сумленьне кажу не тваё, але іншага; бо дзеля чаго мая свабода мае быць суджана чужым сумленьнем?30Калі я ў ласцы атрымліваю, навошта блюзьніць на мяне за тое, за што я дзякую?31Дык ці ясьцё, ці п’іцё, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую.32Ня станьцеся спатыкненьнем ані для Юдэяў, ані для Грэкаў, ані для царквы Божай,33як і я дагаджаю ўсім у-ва ўсім, шукаючы не для сябе карысьці, але для многіх, каб яны былі збаўленыя.